https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прафэсар Генадзь Цыхун: беларуская мова існуе шмат стагодзьдзяў


Апошнімі гадамі ў расейскай інфармацыйнай прасторы ўсё часьцей пачалі зьяўляцца выказваньні палітолягаў і аналітыкаў пра тое, што беларускі народ і беларуская мова — гэта штучныя ўтварэньні, прыдуманыя або палякамі для разбурэньня агульнарускага адзінства, або бальшавікамі.
21 снежня кіраўнік Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў МЗС Расеі, адстаўны генэрал ФСБ Леанід Рашэтнікаў заявіў, што беларуская мова была створаная пастановаю ЦК ВКП(б) у 1926 годзе.

Насамрэч у лістападзе 1926 году ў Менску была праведзена Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Яе ініцыявалі беларускія мовазнаўцы і пісьменьнікі, хоць, натуральна, яе падрыхтоўку і хаду сапраўды ўзяў пад кантроль ЦК ВКП(б). Яно і прымала пастанову пра правядзеньне канфэрэнцыі. Канфэрэнцыя была міжнародная, прыехала шмат гасьцей, напрыклад, нямецкі мовазнаўца Макс Фасмэр, латыскі паэт Яніс Райніс. Але канфэрэнцыя мову, вядома, не «стварала» — яна абмяркоўвала магчымыя рэформы правапісу і альфабэту.

На момант правядзеньня канфэрэнцыі 1926 году толькі традыцыя беларускамоўнага пэрыядычнага друку налічвала 65 гадоў, а літаратура на беларускай мове існавала ўжо шмат стагодзьдзяў. Напрыклад клясычны рыцарскі гатычны раман «Трышчан і Іжота» быў перакладзены на беларускую мову ў XVI стагодзьдзі.
***
Мы пазванілі сусьветна вядомаму беларускаму лінгвісту прафэсару Генадзю Цыхуну з просьбай пракамэнтаваць выказваньні расейскіх аналітыкаў.

Абламейка: Генадзь Апанасавіч, ці існуе самастойны беларускі народ?

Цыхун: Вядома, існуе. Гэта навуковы факт.

Абламейка: Сёньня высокапастаўлены расейскі аналітык заявіў, што беларуская мова была створана пастановай ЦК ВКП(б) ад 1926 году. Як бы вы маглі гэта пракамэнтаваць?

Цыхун: Я не магу камэнтаваць такія ненавуковыя выказваньні. Гэта ніжэй за мой навуковы гонар.

Абламейка: Дык як лінгвіст прафэсар Генадзь Цыхун адказаў бы на пытаньне, ці існуе самастойная беларуская мова?

Цыхун: Натуральна, існуе і існавала, як і ўсе астатнія славянскія мовы. Проста так, выпадкова, ніхто ня можа сказаць, што вось гэтая мова існуе, а гэтая — не існуе. Беларуская мова існуе з часу, калі праславянская мова разышлася і стварыліся асобныя мовы. Тут ніякіх пытаньняў ня можа быць. Так адбывалася з усімі мовамі. Гэта бясспрэчны факт, што беларуская мова існуе. Іншая рэч, у якіх гістарычных абставінах ёй даводзіцца існаваць.

Абламейка: А як лінгвістыка адказвае на пытаньне, як даўно існуе беларуская мова?

Цыхун: На гэтае пытаньне розныя лінгвісты адказваюць па-рознаму. Некаторыя лічаць, што на ўсходзе славянскага арэалу быццам бы пэўны час існавала старажытнаруская ці агульнаруская мова. Але ня ўсе лінгвісты прытрымліваюцца гэтай думкі, таму што ў паўднёвых славян не было такой агульнай мовы, у заходніх таксама не было. Іншая рэч, што племянныя мовы на ўсходзе маглі разысьціся пазьней. Але гэта неістотна. Некаторыя беларускія лінгвісты, напрыклад, Воўк-Левановіч, казалі, што быццам бы існавала гэтая ўсходнеславянская моўная супольнасьць, зь якой потым атрымаліся руская, беларуская і ўкраінская мовы, але даказаць гэта нейкімі навуковымі аргумэнтамі цяжка. А я думаю, што беларуская мова існуе з таго самага часу, як і ўсе астатнія славянскія мовы, якія паступова разышліся ад агульнай праславянскай мовы.

Абламейка: Дык колькі стагодзьдзяў ужо існуе наша мова?

Цыхун: Ну колькі менавіта стагодзьдзяў — цяжка сказаць, але можна лічыць, што ў VI-VII стагодзьдзях нашай эры яшчэ існавала праславянская моўная супольнасьць. Але ўжо і тады ў розных канцах славянскага сьвету пачалі фармавацца некаторыя фанэтычныя рысы і сам разьдзел пачаўся.

Ну а тыя, хто лічыць, што існавала ўсходнеславянская моўная супольнасьць, кажуць, што разыходжаньне яе пачалося ў ХІІ-ХІІІ стагодзьдзях. Але ўсё гэта ўмоўна, бо і тады існавалі мовы асобных племянных аб’яднаньняў, і яны задоўга да таго маглі існаваць.

Я не прытрымліваюся гэтага пункту гледжаньня і не лічу, што існавала ўсходнеславянская моўная супольнасьць, якая пазьней за іншыя распалася.

Радыё Свабода, 21 сьнежня 2016
Сяргей Абламейка
 
Дата публикации:21.12.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:804
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Беларусь-Россия Леонид Решетников
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме