https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


"Гамлет" Магілёўскага тэатра лялек стаў бронзавым прызёрам ІІ Моладзевага тэатральнага форуму краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі


Конкурс праходзіў у Мінску з 19 па 26 лістапада.
Спектакль "Гамлет" Магілёўскага абласнога тэатра лялек атрымаў бронзавую ўзнагароду ІІ Моладзевага тэатральнага форуму краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі.

Прымаючы бронзавую статуэтку парасона, Ігар Казакоў, рэжысёр пастаноўкі ў дзвюх дзеях паводле п`есы Уільяма Шэкспіра, падзякаваў за высокую ацэнку сваёй работы прафесійнаму журы і адзначыў, што гэты поспех стане стымулам для новых сцэнічных знаходак.

Другую прэмію судзейская калегія пад кіраўніцтвам вядомага расійскага рэжысёра, заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Рыгора Казлова прысудзіла рабоце рэжысёра Станіслава Жыркова Кіеўскага акадэмічнага Маладога тэатра (Украіна) - "Любоў людзей" паводле п`есы Дзмітрыя Багаслаўскага.

Першая прэмія і залаты парасон уручаны за спектакль "Чысты розум/Укусі мяне". Аўтар і рэжысёр - Рэнатэ Кеэрд, кампанія Nii і Новы тэатр, Тарту (Эстонія).

Акрамя галоўных узнагарод форуму журы прысудзіла спецыяльныя прызы. Так, беларускаму драматургу Дзмітрыю Багаслаўскаму ўручаны прыз за рознабаковую тэатральную адоранасць. Журы адзначыла актрысу Марыям Казанчан (спектакль "Смак мёду" Ерэванскага дзяржаўнага тэатра юнага гледача) як лепшую выканаўцу жаночай ролі.

Спецпрыза "Лепшая мужчынская роля" ўдастоены Кірыл Імераў за ролю Колі ў спектаклі "Воблака-рай" (Лысьвенскі тэатр драмы імя А.А. Савіна (Расія).

Лепшы спектакль па версіі маладых крытыкаў - "Жанчыны Троі", рэжысёр Дата Тавадзэ, Тэатр Каралеўскага квартала (Тбілісі, Грузія).

Моладзевы тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі задумваўся арганізатарамі (першапачаткова ідэя належыць Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў) як праект, які прадставіць усё лепшае са створанага ў апошнія гады маладымі рэжысёрамі на постсавецкай прасторы.

Паводле ўмоў форуму, узрост стваральнікаў не павінен перавышаць 35 гадоў. За ўзнагароды конкурсу спаборнічалі калектывы з 13 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Літвы, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Эстоніі.

Паказы прайшлі на чатырох пляцоўках беларускай сталіцы - на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

II Моладзевы тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі праходзіў у Мінску з 19 па 26 лістапада. Ён праводзіўся па рашэнні Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва і Міністэрства культуры Беларусі. Арганізатарамі таксама з`яўляюцца Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

27 лістапада 2015, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:27.11.2015
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:705
 
Ключевые слова:
Магілёў Фэст культуры Конкурс Содружество независимых государств Театр Балтия Грузия Украина
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме