https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гомельскія музыканты сталі абсалютнымі пераможцамі міжнароднага конкурсу ў Казахстане


Пра гэта паведамілі лаўрэаты "Жубанаўскай вясны-2016".
Інструментальнае трыа "Лірыца" Гомельскай абласной філармоніі стала абсалютным пераможцам XIII Міжнароднага фестывалю - конкурсу аркестраў і ансамбляў народных інструментаў "Жубанаўская вясна-2016" у Казахстане.

Трыа "Лірыца" ўпершыню прыняло ўдзел у міжнародным конкурсе, адкуль вярнулася з трыма ўзнагародамі: дыпломам I ступені, адзіным спецыяльным дыпломам за лепшае выкананне твора Ахмета Жубанава, дыпломам лаўрэата фестывалю адзначана саліст-інструменталіст трыа Алена Сочнева.

Запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе музыканты атрымалі ад казахскіх калег, з якімі пазнаёміліся ў час выступлення на эканамічным форуме ў Арэнбурзе (Расія).

Як падкрэслілі артысты, іх візіт у Казахстан стаў магчымым дзякуючы падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і абласной філармоніі. Згодна з умовамі конкурснай праграмы кожны калектыў у абавязковым парадку павінен быў іграць твор Ахмета Жубанава. "Лірыца" выканала кампазіцыю "Белы голуб" у сучаснай аранжыроўцы, якую спецыяльна для конкурсу напісаў удзельнік калектыву - баяніст Дзяніс Лабачоў.

Арыгінальнае гучанне казахскай песні ў еўрапейскай апрацоўцы высока ацаніла журы конкурсу, у складзе якога былі вядомыя музыканты Азіяцкага рэгіёна, народныя артысты, заслужаныя работнікі культуры і прадстаўнікі Міністэрства культуры Казахстана.

Традыцыйны XIII Міжнародны фестываль - конкурс аркестраў і ансамбляў народных інструментаў "Жубанаўская вясна-2016" прайшоў у Казахстане. Ён стаў прадаўжэннем мерапрыемстваў, прысвечаных увекавечанню памяці заснавальніка казахскай прафесійнай музыкі, кампазітара і акадэміка Ахмета Жубанава.

У фестывалі прынялі ўдзел 12 калектываў з 6 краін блізкага і далёкага замежжа: Казахстана, Татарстана, Кыргызстана, Башкортастана, Турцыі. Гомельская "Лірыца" была адзіным прадстаўніком Беларусі на конкурсе.

Трыа "Лірыца" (Дзяніс Лабачоў - баян, Алена Сочнева - цымбалы, Андрэй Сочнеў - балалайка-кантрабас) заснавана ў 1997 годзе. З 2004 года - музыканты Гомельскай абласной філармоніі. Інструментальны калектыў з`яўляецца лаўрэатам шматлікіх міжнародных, усерасійскіх і рэспубліканскіх конкурсаў. У рэпертуары трыа - творы класікі, беларускія народныя кампазіцыі, сучасныя хіты, мелодыі з кінафільмаў, а таксама калажы і папуры з вядомых шырокаму колу слухачоў мелодый.

28 красавіка 2016, Гомель
Юлія Лысенка - БЕЛТА
 
Дата публикации:28.04.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:913
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Трио "Лирица" "Жубановская весна-2016" Гомельшчына
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме