https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


75 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна


75 гадоў аддзяляюць нас ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая стала суровым выпрабаваннем для ўсяго шматнацыянальнага савецкага народа.
На досвітку 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, парушыўшы дагавор аб ненападзе, пачала вайну супраць Савецкага Саюза.

Адразу пасля вераломнага нападу гітлераўская Германія разгарнула шырокае наступленне войскаў на працягу ўсёй заходняй граніцы СССР - ад Баранцава да Чорнага мора. Пачалася рэалізацыя плана "Барбароса", згодна з якім нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці "маланкавую вайну" і адным ударам разграміць СССР.

На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў - група армій "Цэнтр" у складзе 4-й і 9-й палявых армій, 2-й і 3-й танкавых груп, усяго 50 дывізій. Іх падтрымлівалі 1600 баявых самалётаў.

З першага дня вайны Беларусь стала арэнай самых буйных бітваў. Першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войскаў прыкрыцця. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады.

Моцны раптоўны ўдар варожай авіяцыі нанёс вялікія страты войскам Заходняга фронту і парушыў сувязь паміж штабамі. Аднымі з першых аб`ектаў, на якія праціўнік скінуў бомбы, былі штабы войскаў, карпусоў і дывізій.

Галоўны ўдар у першыя гадзіны вайны германскія войскі нанеслі на двух участках фронту: у раёнах Брэста і Гродна ў паласе абароны 3-й і 4-й савецкіх армій.

У першыя гадзіны вайны Брэст і крэпасць трапілі пад масіраваны артабстрэл і авіябамбардзіроўку. Нехта загінуў у сне, нават не паспеўшы зразумець, што пачалася вайна. Раніца была вельмі светлай. Хоць у тую ноч так і не сцямнела па-сапраўднаму. Для нападу фашысты выбралі самы доўгі дзень года.

Нямецка-фашысцкае камандаванне планавала захапіць Брэст і крэпасць з ходу. 45-я пяхотная дывізія саперніка, што наступала непасрэдна на крэпасць, мела разам з прыдадзенымі і падтрымліваючымі часцямі 10-кратную колькасную перавагу над яе абаронцамі, якія амаль не мелі артылерыі і былі ўзброены ў асноўным лёгкай стралковай зброяй.

Да 9 гадзін раніцы 22 чэрвеня гітлераўцы захапілі Брэст і цалкам акружылі крэпасць, аднак яе абаронцы аказалі ўпартае супраціўленне захопнікам. Асобныя групы савецкіх воінаў прадаўжалі змагацца ў крэпасці да 20-х чысел ліпеня 1941 года.

brest_pomnikМагутнае супраціўленне сустрэлі нямецкія войскі і на поўдні ад Брэста, дзе 22 чэрвеня 1941 года савецкая 75-я стралковая дывізія пад камандаваннем генерала Сямёна Іванавіча Нядзвігіна сумесна з караблямі Пінскай ваеннай флатыліі ў раёне Маларыты спыніла наступ 53-га нямецкага армейскага корпуса. Дзякуючы ўмелым дзеянням савецкай групоўкі на гэтым напрамку тры нямецкія дывізіі, у тым ліку танкавая, былі вымушаны 23-27 чэрвеня перайсці да тактыкі вядзення абарончых баёў. У нямецкага камандавання нават з`явіўся міф, што ў гэтым раёне дзейнічала вялікая групоўка савецкіх войскаў.

Нягледзячы на жорсткія баі, савецкім войскам не ўдалося спыніць наступ ворага. Ужо да канца 22 чэрвеня германскія войскі рушылі ў Прыбалтыку на 60-80 км, у Беларусі - на 40-60 км, на Украіне - на 10-20 км.

У першыя дні вайны войскі Заходняга фронту вялі цяжкія абарончыя баі ў Беларусі, наносілі контрудары, удзельнічалі ў Смаленскай бітве 1941 года і абарончых аперацыях пад Масквой восенню 1941 года. У ходзе гэтых баёў быў сарваны гітлераўскі план разгрому Савецкага Саюза на працягу некалькіх тыдняў (план "Барбароса").

Байцы Чырвонай Арміі адразу аказалі моцнае супраціўленне, прадэманстравалі ў баях мужнасць і самаадданасць, што прывяло да поўнага крушэння бліцкрыгу.

Ужо 8 ліпеня 1941 года па радыё прагучаў першы з пачатку Вялікай Айчыннай вайны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні воінам звання Героя Савецкага Саюза. Гэта былі лётчыкі 158-знішчальнага авіяцыйнага палка малодшыя лейтэнанты Сцяпан Іванавіч Здораўцаў, Пётр Цімафеевіч Харытонаў і Міхаіл Пятровіч Жукаў, якія збілі некалькі варожых самалётаў, у тым ліку таранам. Сярод тых, хто ўдастоены гэтага звання ў суровым 1941 годзе, былі і нашы землякі: лётчыкі Аляксей Касьянавіч Антоненка, Мікалай Францавіч Гастэла, Іван Акімавіч Каўшараў, Лука Захаравіч Муравіцкі, артылерыст Барыс Львовіч Хігрын, танкіст Саламон Арановіч Гарэлік, палітработнік Кірыл Нічыпаравіч Осіпаў, генерал кавалерыі Леў Міхайлавіч Даватар, камандзір дывізіі палкоўнік Аляксандр Ільіч Лізюкоў, партызан Ціхан Піменавіч Бумажкоў.

На франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш як 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Вайсковымі злучэннямі ў час вайны камандавалі 217 генералаў і адміралаў - беларусаў. Імёны многіх нашых суайчыннікаў сталі легендарнымі, іх ведалі на ўсіх франтах. У баях пад Масквой вызначыліся Даватар і Лізюкоў, Пётр Фёдаравіч Сычэнка. У адным з баёў на Курскай дузе лётчык Аляксандр Канстанцінавіч Гаравец збіў 9 варожых самалётаў. Зінаіда Міхайлаўна Тусналобава-Марчанка вынесла з поля бою 128 параненых байцоў. Пётр Іванавіч Купрыянаў у баі за вызваленне Латвіі закрыў сваім целам амбразуру дзота. Ён быў малодшым з пяці сыноў Настассі Фамінічны Купрыянавай, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Доўгія тры гады знемагала пад фашысцкім ярмом беларуская зямля. Галоўным сродкам насаджэння тут свайго "новага парадку" нацысты выбралі палітыку генацыду і масавага крывавага тэрору. Гітлераўцы чынілі нечуваныя зверствы, не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей. Канцлагеры, турмы, гета дзейнічалі практычна ў кожным раёне Беларусі. Усяго ў межах рэспублікі было створана 260 лагераў смерці і 70 гета. Толькі ў адным з іх, Трасцянецкім, загінулі 206,5 тыс. чалавек.

У гэтай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара - памяць аб іх будзе жыць вечна.

Усё больш і больш аддаляе нас час ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але подзвігі загінулых у баях, смутак аб мільёнах бязвінных ахвяр і трагедыя акупацыі застаюцца ў свядомасці людзей старэйшага пакалення, захоўваюцца ў памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

БЕЛТА, 22 чэрвеня 2016
 
Дата публикации:22.06.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:655
 
Ключевые слова:
Великая Отечественная война Блицкриг План "Барбаросса"
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме