У 12.30 у мінскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) пачнецца набажэнства, падчас якога мінчане пачуюць урывак з папскай булы з аб`яўленнем Года міласэрнасці. Затым вернікі пройдуць працэсіяй па вуліцах Валадарскага і Камсамольскай да архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі на плошчы Свабоды, дзе адбудзецца адкрыццё "святой брамы".
У Мінска-Магілёўскай архіепархіі "дзверы міласэрнасці" адчыняцца ў асобных касцёлах і санктуарыях Мінска, Магілёва і Будслава, у Гродзенскай епархіі — у Гродне і Лідзе, у Віцебскай — у Віцебску і Браславе, а ў Пінскай — у Пінску, Гомелі, Баранавічах і Брэсце.
Год Божай міласэрнасці, аб`яўлены папам рымскім Францыскам, пачаўся 8 снежня — у 50-годдзе завяршэння Другога Ватыканскага сабору, які стаў "актам міласэрнасці ў дачыненні да касцёла і чалавецтва". Пачатак Года міласэрнасці азнаменаваўся адкрыццём пантыфікам "святой брамы" ў базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.
"Святыя брамы" адчыняюцца толькі ў юбілейныя гады, якія аб`яўляе папа рымскі. Праходжанне праз іх дае індульгенцыю — дараванне часовай кары за ўжо спавяданыя грахі. У розныя перыяды гісторыі царквы "святыя брамы" акрамя ватыканскай базілікі Святога Пятра адчыняліся толькі ў базіліцы Маці Божай Вялікай, базіліцы Святога Яна Латэранскага і базіліцы Святога Паўла за Аўрэліянавымі сценамі. Аднак сёлета папа Францыск упершыню ў гісторыі каталіцкай царквы дазволіў адчыняць "дзверы міласэрнасці" ў асобных епархіях, касцёлах і санктуарыях.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 13 снежня 2015
Мінск, 13 снежня 2015