https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека


Паводле ацэнак праваабаронцаў, праблема выканання правоў чалавека па-ранейшаму актуальная для Беларусі.

Сістэмных зменаў у гэтай сферы за апошні год у краіне не адбылося, але сітуацыя на працягу года не была аднароднай. Такую думку выказаў старшыня рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб`яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) Алег Гулак напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.

"Фактычна трэба казаць пра два перыяды. Першы завяршыўся ў канцы жніўня, калі былі вызваленыя палітвязні. Затым пачаўся другі, звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі", — зазначыў Гулак.

У пачатку года, паводле яго слоў, сітуацыя складвалася дастаткова жорсткая: арганізоўваліся рэпрэсіі супраць журналістаў, якія, як правіла, працуюць на замежныя СМІ без акрэдытацыі. "Атмасфера публічнага націску на правы чалавека была вельмі заўважная і выклікала негатыўны эфект", — сказаў праваабаронца. "Пасля вызвалення палітвязняў мы ўжо бачым іншае стаўленне да журналістаў, даводзяцца старыя адміністрацыйныя справы, але новыя не заводзяць, — канстатаваў ён. — Змяніўся і падыход да пакарання ўдзельнікаў вулічных акцый: іх зараз штрафуюць, а не падвяргаюць арыштам. Гэта, вядома, таксама парушае правы чалавека, але не так жорстка".

Стабільнай, без якіх-небудзь станоўчых зменаў, Алег Гулак лічыць наяўную ў Беларусі сістэму забеспячэння сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян. "Яна ўспрымаецца як захаванне нейкага ўзроўню сацыяльна-эканамічнай забяспечанасці насельніцтва, а не як уласна правы, што належаць самому чалавеку", — падкрэсліў старшыня БХК.

Яўнай негатыўнай зменай у сферы забеспячэння сацыяльна-эканамічных правоў Гулак назваў дэкрэт прэзідэнта "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". "Пакуль цяжка сказаць, як менавіта дэкрэт "аб дармаедах" будзе працаваць на практыцы, ці зможа яна нівеляваць нейкія яго негатыўныя наступствы. Але калі дакумент будзе працаваць на поўную моц у цяперашнім выглядзе, мы атрымаем сітуацыю, прама адваротную духу правоў чалавека", — заявіў Гулак.

Праваабаронцы заклікаюць Еўрасаюз дамагчыся ад уладаў Беларусі сур`ёзных гарантый выканання правоў чалавека да прыняцця рашэння па санкцыях у лютым 2016 года. Адпаведны ліст накіравалі ў пачатку снежня міністрам замежных спраў краін ЕС Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) і закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна". Яны мяркуюць, што, "нягледзячы на некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў сферы правоў чалавека, якія назіраюцца са жніўня 2015 года, у цэлым якіх-небудзь сістэмных зменаў, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі ў гэтай сферы, не назіраецца".

Праваабаронцы заклікаюць ЕС распрацаваць стратэгію для дасягнення ключавых мэтаў у сферы правоў чалавека ў Беларусі да 28 лютага 2016 года, калі Савет ЕС павінен прыняць рашэнне аб аднаўленні, працягу замарожвання ці адмене абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі. "Мы ўпэўненыя, што менавіта сістэмныя змены на ўзроўні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі будуць сведчыць аб намеры ўрада Беларусі істотна палепшыць сітуацыю ў сферы абароны правоў чалавека ў краіне. Сістэмныя змены ў сферы правоў чалавека таксама найлепшая гарантыя ад магчымага рэгрэсу, які неаднаразова назіраўся раней", — падкрэсліваецца ў лісце.

Міжнародны дзень правоў чалавека прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя. Усе людзі, згодна з дэкларацыяй, маюць роўныя правы незалежна ад іх асобасных адрозненняў і розніцы ў палітычных сістэмах іх краін.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 10 снежня 2015

 
Дата публикации:10.12.2015
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:583
 
Ключевые слова:
Права человека Международные праздники
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме