https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Варшаўскае паўстаньне. 70 гадоў памяці


У Польшчы 1 жніўня адзначаюць 70-ю гадавіну Варшаўскага паўстаньня — самага масавага паўстаньня на акупаваных гітлераўцамі тэрыторыях, якое працягвалася 63 дні.
Нягледзячы на гарачую палітычную сытуацыю, зьвязаную з увядзеньнем эмбарга на экспарт польскіх прадуктаў у Расею і выбарамі новых уладаў Эўразьвязу, сёньняшні дзень у Польшчы практычна цалкам прысьвечаны памятным мерапрыемствам.

Пытаньне аб тым, ці варта было пачынаць паўстаньне, у выніку якога загінулі каля 200 тысяч чалавек, да гэтага часу застаецца ў Польшчы актуальным. Пра гэта казаў падчас урачыстасьцяў і прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі — у мінулым актыўны ўдзельнік антыкамуністычнай апазыцыі. «Мы, гэтак жа як і нашы бацькі, адказвалі на гэтае пытаньне — часам інакш зрабіць проста нельга. Часам трэба рызыкаваць, паколькі нельга пагадзіцца на панаваньне зла, і часам трэба пацьвярджаць сваю любоў да радзімы таксама гатовасьцю цярпець нягоды і ісьці на ахвяры. Цяпер відаць, што мы выйгралі разам — два пакаленьня палякаў: пакаленьне Арміі Краёвай і пакаленьне «Салідарнасьці», — сказаў прэзыдэнт.

У 1944 годзе, пасьля пяці гадоў гітлераўскай акупацыі, было прынята рашэньне ўзьняць паўстаньне ў Варшаве, каб прыход у сталіцу Чырвонай арміі сустрэла ўжо польская адміністрацыя. Да паўстаньня ўзмоцнена заклікалі таксама і савецкія ўлады пры дапамозе польскамоўнай радыёстанцыі, якая перадавала з Масквы. Аднак, дайшоўшы да Віслы, якая падзяляе Варшаву на дзьве часткі, Чырвоная армія спынілася і не фарсавала раку, што дало магчымасьць гітлераўцам крывава расправіцца з паўстанцамі, а затым не сьпяшаючыся, практычна цалкам разбурыць левабярэжную Варшаву. Практычна ўсе жыхары сталіцы былі вывезены на працы ў Нямеччыну і ў лягеры — па падліках навукоўцаў, у Варшаве пасьля паўстаньня засталося ня больш за тысячу чалавек.

У часы сацыялістычнай Польскай народнай рэспублікі праўда пра варшаўскае паўстаньне замоўчвалася, толькі пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе гадавіну яго пачалі адзначаць на дзяржаўным узроўні. «Тыя, хто выжыў, прайшоў праз капітуляцыю, палон і лягеры — яны ведаюць, што гэта значыць страціць свабоду, няма нічога горшага за гэта, — кажа старшыня аб’яднаньня вэтэранаў варшаўскага паўстаньня генэрал Зьбігнеў Сьцібар-Рыльскі. — Але мы змагаліся, і свабоду атрымалася заваяваць коштам многіх бітваў і мора крыві. Дарагія мае, я так расчулены, што мне не хапае слоў, каб выказаць свае пачуцьці. Хіба, пакідаючы разбураную Варшаву, мы маглі спадзявацца на тое, што яна будзе адноўлена? А яе аднавілі, і гэта цуд! Калі я з Кургана паўстанцаў гляджу на асьветленую агнямі ілюмінацыі Варшаву, сэрца маё радасна б’ецца, бо, нягледзячы на паразу паўстаньня, мы ўсё ж перамаглі».

Перад чарговай гадавінай у кінатэатрах краіны выйшаў у пракат фільм «Варшаўскае паўстаньне», аўтары якога размалявалі чорна-белыя кадры, зьнятыя ў 1944 годзе, агучылі іх, склеіўшы асобныя фрагмэнты такім чынам, каб з гэтага выйшла гісторыя двух маладых апэратараў, якія здымалі хроніку. Гавораць паўстанцы Варшавы, якія прыйшлі на прэм’еру фільму пра паўстаньне:

«Цяжка ўявіць сабе, як з хронікі нямога кіно, з розных фрагмэнтаў, атрымалася зрабіць фільм мастацкі, ды яшчэ і каляровы! Гэта вялікае мастацтва. Я адразу ўспомніў, як падчас паўстаньня я атрымаў шапку, якая была занадта вялікая для маёй галавы — галавы падлетка. Але самае страшнае, што на ёй не было значка з польскім арлом. Я доўга шукаў яго, не атрымлівалася ніяк, але потым знайшоў гузік ад афіцэрскага шыняля — якраз з арлом — і гэта быў мой адзіны знак адрозьненьня ».

«Самае важнае, што ў фільме выдатна паказана цывільнае насельніцтва. Бо пра паўстанцаў кажуць часта і шмат, а пра насельніцтва, якое было галоўным героем паўстаньня — значна менш».

У гэтыя дні ў Варшаве знаходзяцца каля 1200 вэтэранаў паўстаньня, якія жывуць ня толькі ў Польшчы, але і далёка за мяжой — баючыся перасьледу, частка зь іх пакінула краіну. Урачыстыя мерапрыемствы, у тым ліку і з удзелам прэзыдэнта Браніслава Камароўскага, працягнуцца ў Польшчы некалькі тыдняў. А ў пяць гадзін вечара ў гадавіну дня пачатку паўстаньня здараецца тое, што аб’ядноўвае ўсіх варшавян і часьцяком прыводзіць у замяшаньне турыстаў. На хвіліну ўключаюцца сырэны, і ўвесь горад — аўтамабілі, мінакі — спыняюцца, каб аддаць даніну памяці тым, хто 1 жніўня 1944 не пабаяўся кінуць выклік велізарнай нацысцкай ваеннай машыне.

Аляксей Дзікавіцкі, Менск
Радыё Свабода, 1 жніўня 2014
 
Дата публикации:01.08.2014
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:951
 
Ключевые слова:
Вторая мировая война Варшавское восстание Польша
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме