Пра гэта гаворыцца ў лісьце экс-прэм`ера, які зачытаў яе абаронца Сяргей Уласенка сёньня каля цэнтральнай клінічнай бальніцы № 5 у Харкаве.
«Віктар Фёдаравіч, я раю Вам і прашу Вас як мага хутчэй сабраць Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны, выслухаць з бацькоўскай увагай, як Вы ўмееце, усе сумненьні Вашага ўраду па ўскладненьні адносінаў з Расеяй, прызнаць, што Вы разумееце іх шчырае хваляваньне і неадкладна на пазачарговым пасяджэньні Рады прыняць рашэньне аб падпісаньні пагадненьня аб асацыяцыі», – гаворыцца ў лісьце Цімашэнкі.
Экс-прэм`ер заявіла, што калі такое рашэньне будзе прынятае, то яна зьвернецца да эўрапейскіх лідэраў з просьбай падпісаць пагадненьне без выкананьня ўсіх крытэраў. Цімашэнка дала тры парады Януковічу: першая – выбіраць вэктар разьвіцьця Ўкраіны, нягледзячы на тое, як гэта паўплывае на будучыя прэзыдэнцкія выбары, другое – ні пры якіх абставінах не заставацца сам-насам з Расеяй, трэцяе – не камплексаваць з нагоды яе вызваленьня.
«Забіваючы пагадненьне, Вы робіце галоўную памылку свайго жыцьця», – цытуе абаронца заяву Цімашэнкі.
Уласенка дадаў, што Цімашэнка расцэньвае ўчарашняе рашэньне Кабінэта міністраў аб прыпыненьні працы над пагадненьнем аб асацыяцыі як «украінскі ГКЧП».
Паводле яго слоў, экс-прэм`ер заклікала грамадзян выказаць сваё стаўленьне да такога рашэньня ўраду і выходзіць на плошчы ва ўсіх гарадах.
Учора ўрад Украіны апублікаваў распараджэньне, якім прыпыніў працэс падрыхтоўкі да заключэньня пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ. Як заявіў украінскі прэм`ер Мікалай Азараў, гэтае рашэньне зьвязана з праблемамі ў эканоміцы Ўкраіны і намерах палепшыць адносіны з Расеяй.
Радыё Свабода, 22 лістапада 2013