Рэканструкцыя прысвечана пераможнай бітве арміі Расійскай імперыі пад горадам Гумбіненам (цяпер Гусеў) у перыяд Першай сусветнай вайны, паведамляецца на сайце культурна-гістарычнага праекта "Гісторыя Расіі пад адкрытым небам" militaryfest.ru.
У гэтым маштабным мерапрыемстве таксама возьмуць удзел рэканструктары з Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі і краін Прыбалтыкі. Гледачам будуць прадстаўлены часці гвардзейскай пяхоты і кавалерыі, армейскай пяхоты артылерыі і казацкіх падраздзяленняў Расійскай імперыі, а таксама войскі Германіі і Аўстра-Венгрыі.
Удзельнікі рэканструкцыі пакажуць бой за ўзяцце апорнага пункта, якім выступіць усходне-пруская сядзіба, што абараняецца германскімі і аўстрыйскімі часцямі. Падчас рэканструкцыі будуць прадэманстраваны асноўныя спосабы і тактыка вядзення баявых дзеянняў у пачатковы перыяд Першай сусветнай вайны на Усходнім фронце.
У прыватнасці, гледачы ўбачаць разведку казачкіх часцей, кавалерыйскія атакі і прабіванне абароны пяхотай. Акрамя таго, рэканструктары пакажуць такія новыя для пачатку ХХ стагоддзя тактычныя прыёмы, як праца кулямётных каманд, падтрымка артылерыі, атака з бронеаўтамабільнымі часцямі.
Гумбіненская бітва стала адной з першых перамог арміі Расійскай імперыі ў Першай сусветнай вайне. У выніку перамогі ў гэтым баі расійская армія развіла наступленне на тэрыторыі Усходняй Прусіі, узяла Інстэрбург (цяпер Чарняхоўск) і іншыя населеныя пункты. "Пасля гэтай перамогі сарваліся планы нямецкага камандавання па захопе Парыжа і вывадзе Францыі з вайны — перакідванне некалькіх германскіх карпусоў з Заходняга фронту ва Усходнюю Прусію дазволіла французскай арміі засяродзіць рэзервы і стабілізаваць фронт", — адзначаюць арганізатары фестывалю.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 17 жніўня 2013