Літоўскі палітык Вітаўтас Шустаўскас мае намер прасіць прыстанішча ў Беларусі, паведамляе літоўскі навінавы партал Delfi са спасылкай на тэлеканал LNK.
Паводле інфармацыі літоўскіх СМІ, цяпер Шустаўскас высвятляе працэдурныя тонкасці атрымання прыстанішча. "У мяне там ёсць знаёмыя, сваякі. Я больш не магу жыць у Літве — толькі штосьці зачаплю, адразу дасудовае расследаванне, баішся ваду піць, раптам атруцяць", — адзначыў палітык.
Паводле слоў Шустаўскаса, за апошнія 20 гадоў у дачыненні да яго распачата 56 спраў, ён заплаціў штрафы на 15.000 літаў і адбыў 30 сутак арышту. 27 ліпеня Шустаўскас быў затрыманы паліцыяй за хуліганскія паводзіны на шэсці секс-меншасцяў у Вільнюсе.
Як паведаміў Шустаўскас, у выпадку атрымання прыстанішча ў Беларусі, ён мае намер захаваць літоўскае грамадзянства. Прыкладна год таму палітык быў гатовы прасіць прыстанішча ў іншай краіне — ЗША.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 8 жніўня 2013