Літоўскія рамеснікі ўпершыню прымуць удзел у кірмашы народных рамёстваў і культур, які праходзіць у Віцебску ў час "Славянскага базару".
У гэтым годзе на кірмашы адкрыецца падворак Літвы, на якім сваё майстэрства прадэманструюць рамеснікі з Літоўскай асацыяцыі старадаўніх уменняў і культурнай спадчыны "Свята ўсім", а майстры нацыянальнай кухні запросяць жыхароў і гасцей Віцебска пакаштаваць традыцыйныя літоўскія стравы.
Кірмаш будзе працаваць на тэрыторыі Культурна-гістарычнага комплексу "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна". Тут можна будзе сустрэць рамеснікаў і народных майстроў з Віцебска, Мінска, Магілёва, Бабруйска, Гродна, Гомеля, а таксама рэгіёнаў Расіі, Украіны і Літвы.
Зоя Гаршкова падкрэсліла, што на працягу фестывальнага тыдня майстры будуць не толькі дэманстраваць свае вырабы, але і арганізуюць майстар-класы. У віцебскіх ганчароў можна будзе навучыцца асновам ручной лепкі і роспісу па сырой эмалі. Сакрэтамі майстэрства падзеляцца кавалі: будзе працаваць майстар-клас па мастацкай коўцы (Беларусь) і чаканцы манет (Украіна). Украінскія шкловыдзімальшчыкі (Львоў) запросяць паўдзельнічаць у вытворчасці вырабаў са шкла. Расійскія майстры адкрыюць таямніцы апрацоўкі бяросты (Вялікі Ноўгарад) і абрэзкавага шыцця.
У пасадзе майстроў пройдзе адкрыты конкурс разьбы па дрэве. А ў выставачных залах "Залатога кальца горада Віцебска "Дзвіна" будуць працаваць адразу дзве выставы абрэзкавага шыцця: майстроў Асацыяцыі абрэзкавага шыцця Расіі і Беларускай асацыяцыі "Покрывы".
Кірмаш народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінскі кірмаш - 2013" будзе працаваць у Віцебску з 10 па 17 ліпеня. Аб жаданні прыняць у ім удзел заявілі амаль 600 народных майстроў, рамеснікаў, прадпрыемстваў і арганізацый.
25 чэрвеня 2013, Віцебск
Алёна Ціханава - БЕЛТА