Пра гэта паведаміў прадзюсар спявачкі Дзмітрый Баранаў.
Гэта была ўжо другая афіцыйная рэпетыцыя Ланской у Мальмё (Швецыя). "Калі пасля першай рэпетыцыі я казаў, што нам удалося ўвасобіць нашы задумы на 70 працэнтаў, то пасля другой магу сказаць, што нам гэта ўдалося працэнтаў на 90, — сказаў Баранаў. — Былі пэўныя праблемы з гукам падчас першых двух дубляў: не было патрэбнага балансу ўзроўню гуку паміж бэк-вакалам і фанаграмай "мінус адзін". Але гэта вырашальныя тэхнічныя праблемы. На тое і ёсць рэпетыцыі, каб мы маглі ўдасканальвацца, пакуль гучанне не будзе ідэальным". "Думаю, да паўфіналу 14 мая мы будзем гатовыя", — падкрэсліў прадзюсер.
Паводле яго слоў, арганізатары конкурсу ацанілі нумар, назваўшы яго прыгожым, а задуму з дыска-шарам — арыгінальнай. А журналістаў, якія сабраліся на вялікай прэс-канферэнцыі беларускай дэлегацыі пасля другой рэпетыцыі, пакарыла сама Алена, дадаў Баранаў.
"Цікавасць прэсы да Алены вельмі вялікая. Пытанні, увогуле, стандартныя, звязаныя з нацыянальным адборам, леташнім скандалам. Пытаюцца, што азначае назва песні, якая ідэя нашай планеты Solayoh. Вельмі прыемна, што большасць пытанняў пачыналася з такіх фраз: "Дзякуй за эфектны нумар", "Алена, вы такая прыгожая", "У вас вельмі прыгожая сукенка", — паведаміў Баранаў.
Ён зазначыў, што на другой рэпетыцыі была ўпершыню прадэманстраваная нашумелая сукенка Ланской з 70 тысячамі крышталяў "Свароўскі", у якой яна выступіць на сцэне "Мальмё-Арэны" 14 мая ў першым паўфінале конкурсу. Сукенка важыць каля пяці кілаграмаў. "Я, вядома не лічыў іх дакладную колькасць, — сказаў Баранаў. — Але, як дырэктар прадзюсарскага цэнтра "Спамаш", учора падпісаў акт і прыняў гэту сукенку. Яна выдатна выглядае на сцэне, яна іскрыць, блішчыць, як і сама Алена", — падкрэсліў прадзюсар. Ланская ж, паводле яго слоў, лічыць гэтую сукенку кампрамісам паміж неабходнасцю адпавядаць ідэі нумара і сваім камфортам.
11 мая ў Мальмё пройдзе беларуская вечарынка, Алена выканае песню Solayoh, будуць гучаць і шэсць рэміксаў на кампазіцыю. "Вядома, мы будзем рабіць акцэнт на Алену — яна павінна быць гаспадыняй балю, — сказаў Баранаў. — Але таксама мы папрасілі, і арганізатары падрыхтавалі, песні беларускіх удзельнікаў "Еўрабачання" розных гадоў у якасці фонавай музыкі". Госцем вечарынкі павінен быў стаць пераможца "Еўрабачання-2009", выхадзец з Беларусі Аляксандр Рыбак, аднак з-за хваробы ён не зможа наведаць мерапрыемства.
Вольга Пруднікава, БелаПАН
Мінск, 11 мая 2013