Джахар Царнаеў, адзін з двух падазравных у арганізацыі выбухаў у Бостане, быў захоплены у 20.45 паводле мясцовага часу. Ён паранены і знаходзіцца ў шпіталі.
Джахара Царнаева знайшлі, калі ён хаваўся ў лодцы ў двары аднаго з будынкаў у Уотэртаўне. Гэта адбылося дзякуючы пільнасьці мясцовага жыхара, які ўбачыў кроў побач з лодкай. Царнаеў адстрэльваўся, быў паранены і дастаўлены ў шпіталь у цяжкім стане.
«Жыхары Бостану сёньня ўвечары могуць спаць спакойна», — сказаў мэр Бостану.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама выступіў са зваротам да нацыі, у якім адзначыў «прафэсіяналізм і мужнасьць» паліцыянтаў Бостану, сказаў, што «сёньня наш народ абавязаны жыхарам Бостану і Масачусэтсу», і што тэрарысты пацярпелі паразу, паколькі амэрыканцы супрацьстаяць тэрору.
«Відавочна, што сёньня ёсць яшчэ шмат пытанняў без адказаў, — сказаў Абама. — Сярод іх — чаму маладыя людзі, якія расьлі і вучыліся тут як частка нашага грамадзтва і краіны, зьвяртаюцца да такога гвалту? Як яны плянавалі й ажыцьцяўлялі гэтыя напады і якую яны атрымлівалі дапамогу?».
Старэйшы брат Джахара Царнаева, 26-гадовы Тамерлан Царнаеў, раней быў забіты ў перастрэлцы з паліцыянтамі.
Прадстаўнікі гарадзкой адміністрацыі і паліцыі, якая шукае Джахара Царнаева, правялі прэс-канфэрэнцыю і паведамілі, што ад 60 да 70 працэнтаў домаўладаньняў правераныя. Царнаеў пакуль ня выяўлены.
Паліцыя просіць жыхароў Уотэртаўну заставацца дома. Транспарт па-ранейшаму не працуе, зачыненыя ўстановы і фірмы. Абмежаваная праца сродкаў сувязі.
Бацька падазраваных, Анзор Царнаеў, які цяпер знаходзіцца ў Дагестане, у інтэрвію карэспандэнтцы Радыё Свабода сказаў, што ён ня верыць у віну сваіх сыноў. Паводле яго, ягоныя сыны сталіся ахвярамі змовы, і пра гэта сьведчыць тое, што Тамерлан Царнаеў забіты: «Пастаноўку зрабілі, пастаноўку. Той, хто хоча зрабіць канкрэтную рэкляму палітычную — ня ведаю як, хто і што. Гэта ўсё пастаноўка, інакш не забілі б».
Анзор Царнаеў сказаў, што ён цяжка хворы і менавіта таму вярнуўся з ЗША ў Дагестан, як ён кажа, «паміраць». Паводле яго, ані Джахар, ані Тамерлан Царнаевы ня мелі дачыненьня да Чачні і ніколі не абмяркоўвалі пытаньне аб незалежнасьці Чачні.
Тым часам дзядзька падазраваных, Руслан, які жыве ў ЗША, у прамым эфіры тэлеканалу CNN заклікаў Джахара Царнаева здацца ўладам.
Паліцэйскі камісар Бостана Эдвард Дэйвіс паведамляе, што адзін з падазраваных забіты, паводле CNN, у момант сьмерці на ім быў пояс тэрарыста-сьмяротніка. Другому ўдалося ўцячы, вядуцца шырокамаштабныя пошукі.
Кіроўца машыны, якую захапілі падазраваныя, каб уцячы ад паліцыі, паведаміў, што яны назваліся арганізатарамі выбухаў на Бостанскім маратоне.
Прадстаўнікі Нацыянальнай службы бясьпекі ЗША ідэнтыфікавалі «падазраванага № 2» як Джахара Царнаева, 19-гадовага выхадца з Чачні.
Забіты «падазраваны № 1» быў яго братам, 26-гадовым Тамерланам Царнаевым.
Дзядзька Тамерлана і Джахара Руслан Царні паведаміў каналу CNN, што браты вырасьлі ў Кіргізстане і прыехалі ў ЗША 7-8 гадоў таму.
У 2011 Джахар Царнаеў атрымаў стыпэндыю на навучаньне ў Cambridge Rindge and Latin School, аднак год таму узяў перапынак у навучаньні, каб заняцца боксам і баявымі мастацтвамі. Тамерлан Царнаеў вучыўся на інжэнэра ў Bunker Hill Community College.
Руслан Царні расказаў, што ўчора адзін з пляменьнікаў патэлефанаваў яму пасьля некалькіх гадоў маўчаньня, выбачыўся і паабяцаў, што ад гэтага часу будзе рэгулярна трымаць зь ім кантакт.
National Public Radio паведаміла, што паліцыя затрымала чалавека, магчыма, зьвязанага з тэрактам. На гэты момант ён пазначаецца ў зводках як супольнік, а не падазраваны ў тэракце.
Увечары ў чацьвер на тэрыторыі кампуса аднаго з самых знакамітых унівэрсытэтаў сьвету — Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту (MIT) — невядомы мужчына адкрыў страляніну.
У выніку адзін з паліцыянтаў, якія ахоўвалі будынак, памёр на месцы ад шматлікіх раненьняў. Яшчэ адзін цяжка паранены.
Ужо праз гадзіну паліцыі ўдалося затрымаць падазраванага ў Уотэртауне, за 16 км ад Бостана, побач з бэнзакалёнкай. Ім аказаўся малады чалавек, апрануты ў спартыўную куртку і штаны зь белымі лямпасамі. Мужчына спрабаваў схавацца ад паліцыі на скрадзеным аўтамабілі і кідаў у паліцыянтаў выбуховыя прыстасаваньні.
У выніку перастрэлкі падазраваны атрымаў цяжкія раненьні і памёр у шпіталі.
Прадстаўнікі паліцыі паведамляюць, што яшчэ адзін падазраваны дагэтуль застаецца на свабодзе і можа ўяўляць сабой небясьпеку. У раёне здарэньня адбываецца шырокамаштабная паліцэйская пошукавая апэрацыя, усім навакольным жыхарам загадана замкнуць усе дзьверы і не выходзіць з дамоў.
Радыё Свабода, 20 красавіка 2013