Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння прадавец вымушаны сам ісці да пакупніка. "Да нас ніхто не прыедзе на завод і не папросіць: прадайце нам. Прадавец, уладальнік тавару бяжыць у самыя далёкія куткі планеты для таго, каб у жорсткай канкурэнтнай барацьбе прапанаваць сваю прадукцыю", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы аб сваіх нядаўніх візітах у Інданезію, Сінгапур і Аб`яднаныя Арабскія Эміраты, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларуская прадукцыя там запатрабавана. Сведчаннем таго з`яўляецца заключэнне адпаведных кантрактаў.
"Галоўная мэта візітаў заключаецца ў тым, што мы прабіваем на гэтай далёкай знешнеэканамічнай, знешнепалітычнай дузе новыя вокны, праз якія будзем працаваць з краінамі гэтага рэгіёна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што праз В`етнам Беларусь працуе ў тым ліку на рынкі Лаоса, М`янмы, Камбоджы, суседніх дзяржаў. Асобна супрацоўнічае з Кітаем, спрабуе замацавацца на індыйскім рынку. Што ж датычыцца Інданезіі, Аўстраліі, то Беларусь толькі пачынае работу ў гэтых краінах. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, там гатовы купляць беларускую прадукцыю.
"Чаму едзе Прэзідэнт? Таму што, калі прыязджае Прэзідэнт, з ім члены ўрада і шлейф кіраўнікоў прадпрыемстваў, ёсць доступ да любога чыноўніка, міністра. Лічыце, што Прэзідэнт бярэ іх за руку і вядзе ў тыя кабінеты, куды яны самастойна могуць трапіць праз год-два, а тут - адразу, за адзін дзень", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выніку гэтых візітаў завязаліся канкрэтныя кантакты, ідзе прапрацоўка праектаў.
Што датычыцца Сінгапура, то Прэзідэнт адзначыў, што гэта вельмі багатая ў фінансавых адносінах краіна. "Мы разлічваем, што ў інвестараў з Сінгапура, а грошай у іх дастаткова, з`явіцца цікавасць да Беларусі. Але сябе трэба прадстаўляць", - лічыць Прэзідэнт.
Кажучы аб ААЭ, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што дасягнута дамоўленасць аб тым, беларускі бок прапануе 5-6 праектаў для інвесціравання. Паводле яго слоў, цяпер ідзе прапрацоўка гэтых праектаў.
5 красавіка 2013, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА