Выступаючы 5 красавіка ў Бішкеку на навукова-практычнай канферэнцыі "Аксыйскія падзеі, 2005 год. Сакавік, 2010 год. Красавік. Урокі красавіцкай рэвалюцыі", экс-прэзідэнт Кыргызстана Роза Атунбаева заявіла, што выпусціла Курманбека Бакіева з краіны тры гады таму паводле просьбы прэзідэнтаў Расіі, ЗША і Казахстана.
Паводле слоў Атунбаевай, якая пасля звяржэння Бакіева ўзначаліла ўрад пераходнага перыяду і кіравала краінай да канца 2011 года, падчас красавіцкай рэвалюцыі 2011 года прэзідэнт Курманбек Бакіеў знаходзіўся ў вёсцы Тэітэ на поўдні краіны, збіраў сілы. "Сітуацыя была вельмі цяжкай, магла пачацца грамадзянская вайна. Зараз многія кажуць: хто адпусціў Бакіева, той і вінаваты. Тады сітуацыя была вельмі складанай, краіна магла раздзяліцца на поўнач і поўдзень", — падкрэсліла Атунбаева.
Рашэнне даць Бакіеву магчымасць пакінуць краіну, заявіла яна, было прынята пасля яе размовы з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. "Ён сказаў: побач са мной прэзідэнты ЗША і Расіі, і яны просяць вас выпусціць Бакіева з краіны і ўзяць кантроль над сітуацыяй у свае рукі. Многія члены часовага ўрада не падтрымалі тады мяне. Дэпутат ад партыі "Ата Мекен" Амурбек Тэкебаеў сказаў, што не хоча браць на сябе такую адказнасць, і мне давялося ўзяць яе на сябе", — распавяла экс-прэзідэнт Кыргызстана.
"Мы не маглі не ўзяць пад увагу парады прэзідэнтаў такіх мацнейшых дзяржаў, яны сказалі, што дапамогуць нам інвестыцыямі аднавіць разбуранае. Нам бы ўсё роўна давялося мець з імі цесныя адносіны. Сёння можна гаварыць рознае, але, азіраючыся назад, я разумею, што многае было зроблена правільна", — дадала Атунбаева.
Нагадаем, Курманбек Бакіеў з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыехаў у Беларусь паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі 19 красавіка 2010 года пасля дзяржаўнага перавароту ў Кыргызстане. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, у жніўні таго ж года ён атрымаў беларускае грамадзянства.
Падчас перавароту загінулі прыкладна 90 чалавек, прыблізна тысяча атрымалі раненні. Курманбек Бакіеў, брат Жаныбек, сын Марат і іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, спалучаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і аб`яўленыя ў міжнародны вышук. Новыя ўлады Кыргызстана неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева, але атрымлівалі адмову. На думку беларускага боку, прававых падстаў для задавальнення просьбы аб выдачы Бакіева няма.
Летам 2012 года брат Бакіева Жаныбек быў заўважаны і сфатаграфаваны ў цэнтры Мінска ў кампаніі двух суайчыннікаў. Паводле інфармацыі МУС Кыргызстана, на здымку акрамя Жаныбека Бакіева былі яшчэ двое грамадзян Кыргызстана, аб`яўленыя ў міжнародны вышук. МУС таксама паведаміла, што неаднаразова накіроўвала запыт у праваахоўныя органы Беларусі аб месцазнаходжанні асоб, якія адшукваюцца, і штораз атрымлівала адказ, што звестак аб гэтых асобах няма.
11 лютага гэтага года Курманбек і Жаныбек Бакіевы былі завочна асуджаны ваенным судом Бішкекскага гарнізона па справе аб забойстве трох чалавек. Курманбеку Бакіеву прызначана пакаранне ў выглядзе 24 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, яго брату — пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці.
4 красавіка на мітынгу каля беларускага пасольства ў Бішкеку кіргізскі праваабаронца Андуруш Тактанасыраў паабяцаў, што абалье бензінам будынак дыппрадстаўніцтва і падпаліць яго, калі афіцыйны Мінск не пойдзе на саступкі ўладам Кыргызстана і не экстрадуе Курманбека Бакіева.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 5 красавіка 2013