https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Апакаліпсіс як маркетынгавы ход


Усе гавораць пра канец свету, але ніхто не ведае, што гэта такое і што трэба рабіць у выпадку, калі ты думаеш, што канец свету сапраўды прыйдзе 21 снежня 2012 года.
Ніхто не ведае, калі колькасць злосці і граху ў свеце дасягне такой крытычнай масы, што Бог не вытрывае...

Дакладней, усе якраз ведаюць, што рабіць. Дзякуючы агоніі ў сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетках і народным чуткам-плёткам. Калі меркаваць па ўсіх гэтых рэкамендацыях, то канец свету — гэта нешта надзвычайна забаўнае і вясёлае. Гэткі захапляльны экстрым, кшталту незвычайнага віду адпачынку. Або нават нейкай тэлевізійнай гульні ў стылі "Форт Баярд". Або перадачы "Выжыць любой цаной" па канале "Nаtіоnаl Gеоgrарhіс" з амерыканцам Бэрам Грылзам, які вучыць тэлегледачоў, як выжыць у самых экстрэмальных умовах у самых экзатычных кутках свету і ў самых побытавых сітуацыях таксама. Даўно не сачу за яго "творчасцю", але не здзіўлюся, калі акажацца, што зараз па ТБ ідуць чарговыя серыі яго супер папулярнай перадачы, прысвечаныя акурат таму, як жа выжыць, калі канец свету і праўда надыдзе.

Цікава толькі, як гэта — выжыць пасля канца свету? Па-мойму, канец — гэта значыць канец. Канчатковы і беспаваротны. Пра якое яшчэ выжыванне тут можа ісці гаворка?! Або вось паводле прадказання Далай-Ламы таксама цікава атрымліваецца. Маўляў, скончыцца энергія: пагасне святло ва ўсім свеце, адключыцца ўся электрычнасць, перастане працаваць любая тэхніка. Але гэта больш падобна на нейкую энергетычную катастрофу новага веку, чым на канец свету. Тым больш што нібыта ў сакавіку наступнага года ўсё павінна будзе цалкам аднавіцца. Вядома, гэта прывяло б да безлічы міні-катастроф, павышэння ўзроўню злачыннасці і г. д. Але ці канец гэта свету?..

Калі падсумаваць усе парады па выжыванні падчас канца свету, якія толькі можна знайсці ў сеціве і пачуць ад людзей, то атрымаецца прыблізна наступнае: запасіцеся кансервамі і пітной вадой; купіце сабе бункер дзе-небудзь у элітным раёне горада, калі няма грошай купіць, зрабіце самі (у інтэрнэце мноства інструкцый, як гэта зрабіць!); набудзьце дастаткова свечак, запалак і ліхтарыкаў і — наперад, выжываць падчас канца свету!

Выглядае неяк камічна, праўда? І трагічна адначасова. Калі тыя, хто хоча зарабіць грошы на чарговым канцы свету, робячы з яго маркетынгавую фішку, разлічваюць на нейкую выгаду, то я ўмываю рукі... У выпадку, вядома, калі яны сапраўды вераць у гэты канец свету. Бо калі вераць, то на якую трасцу ім тады чарговыя мільярды свабодна канверсаванай, калі ёю нават нельга будзе распарадзіцца пасля. Значыць — не вераць. А людзі вядуцца, жартуюць, купляюць сувеніры. Купляюць — тут галоўнае слова. Нармальная рэклама, нармальныя законы рынку. Можна нават перафразаваць славутае — калі абвяшчаюць чарговы канец свету, шукай, каму гэта выгадна.

Усе даюць парады, што рабіць, калі надыдзе канец свету. Але ніхто шырока, папулярна не гаворыць пра тое, што насамрэч варта было б зрабіць. Як у тым анекдоце. Правядзіце гэты дзень, як апошні дзень у вашым жыцці! Схавайцеся ў бункеры і ешце ежу для касманаўтаў. Але што б вы рабілі, калі б нейкі дзень быў сапраўды апошнім? Памятаю, як чытала інтэрв`ю з акцёрам Ксаўе Даланам, у якім ён сказаў, што апошні дзень свайго жыцця правёў бы ў ложку са сваёй жонкай. Дарэчы, яго жонка — Моніка Белучы.

А што яшчэ можна зрабіць? Папрасіць прабачэння ва ўсіх, каго пакрыўдзіў. Сказаць самыя галоўныя словы самым дарагім для вас людзям. Быць разам з гэтымі людзьмі. Гэтаму ж ніхто не вучыць. Усе вар`яцеюць, прадаюць бункеры і майкі з забаўнымі прынтамі (часам, трэба аддаць належнае, даволі іранічнымі) і раздаюць улёткі на цэнтральных плошчах сталіц свету з рэкамендацыямі, як уратавацца... Ніхто не прапагандуе канец свету як мерапрыемства, дзякуючы якому можна задумацца над сваім жыццём, прааналізаваць, што і дзеля чаго ты зрабіў, навошта ты жыў (і пакуль яшчэ жывеш) на гэтай зямлі і як ты ніколі больш жыць не будзеш, калі сапраўды ўратуешся...

Ёсць куды больш сур`ёзныя рэчы, чым істэрыя з нагоды канца свету. Насамрэч, апошнім часам мне сапраўды стала здавацца, што набліжаецца менавіта нейкі мой Асабісты Апакаліпсіс. Хоць я ніколі верыць не верыла ва ўсе гэтыя прадказанні. А тут мне стала здавацца, што ўсе факты Канца навідавоку. Для мяне асабіста. У дадатак, паддаўшыся ўсеагульнаму трэшу, у мяне сталі з`яўляцца прыкметы параноі, я пачала перабольшваць супадзенні. Напрыклад, адзначала, што бачу абвесткі пра згубленых катоў з падазронай рэгулярнасцю. Мне стала здавацца, што гэта знакі. Маўляў, нават каты і тыя некуды ўцякаюць ад ГЭТАГА ЎСЯГО. Я старалася ўзяць сябе ў рукі. Супакойвала. Прыпісвала ўсё высакоснаму году (яшчэ адна назойлівая ідэя чалавецтва, а-ха-ха-ха!). Пакуль адзін цудоўны чалавек не параіў мне пачытаць Біблію. Як мінімум Евангелле ад Мацвея. Як максімум Адкрыццё (Апакаліпсіс) Іаана Багаслова.

Я дастала з кніжнай паліцы Біблію ў перакладзе Васіля Сёмухі, некалі купленую ў псіха-лінгвістычным прыпадку. Бо ў прынцыпе, я ніколі не была набожным чалавекам, але мяне заўжды цягнула ў бок літаратурна-перакладчыцкі. Я стала чытаць Кнігу Кніг. Без усялякага пафасу скажу, што гэтае чытво супакойвае. Наогул супакойвае, а не толькі адносна канца свету. Чалавек настолькі слабы і нікчэмны, што яму не дадзена ведаць, што будзе не тое, што 21.12.2012, а нават тое што будзе заўтра. Усё гэта ведае толькі Бог. А канец свету, Апакаліпсіс, паводле Бібліі, — гэта Другое прышэсце Хрыста, якое, вядома, будзе суправаджацца рознымі катаклізмамі і цудамі. Але гэта не Канец, гэта Пачатак новага жыцця — без злосці і зайздрасці, без граху і распусты; без крывадушша і двудушнасці; у дабрыні і гармоніі. Баяцца гэтага біблейскага канца свету варта толькі тым, хто не пакаецца ў грахах сваіх... Метафарычна я разумею гэта як прафілактыку Бога супраць грэшнікаў, для ачышчэння свету ад нізкіх і двухаблічных людзей. Відаць, шмат сярод нас грэшнікаў. Але ніхто не ведае, калі іх колькасць дасягне такой крытычнай масы, што Бог не вытрывае...

Вольга Чайкоўская
Звязда, 19 снежня 2012
 
Дата публикации:19.12.2012
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:2315
 
Ключевые слова:
Конец света Библия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме