https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Імідж Беларусі


У "Фейсбуку" выкладзена справаздача кампаніі лорда Бела "Чайм Кам`юнікейшнз" аб працы па паляпшэнні іміджу Беларусі на міжнароднай арэне
Кіраўнік "Свабоднага тэатра" Мікалай Халезін выклаў у "Фейсбуку" 32-старонкавую квартальную справаздачу брытанскай кампаніі "Чайм Кам`юнікейшнз" аб працы, праведзенай яе кіраўніком лордам Белам для паляпшэння іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.

Гадавы кантракт аб паляпшэнні іміджу Беларусі на міжнароднай арэне піяр-менеджар, кіраўнік савета дырэктараў кампаніі "Чайм Кам`юнікейшнз" Цімаці Бел заключыў з беларускім урадам у канцы ліпеня 2008 года.

Кантракт прадугледжваў правядзенне дзвюх кампаній — інфармацыйнай і маркетынгавай. Мэтай інфармацыйнай было "данесці больш канкрэтнае ўяўленне пра Беларусь у процівагу вобразу, створанаму ў сусветных СМІ". Маркетынгавая кампанія была заклікана спрыяць павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці краіны.

У жніўні 2009 года беларускі ўрад не прадоўжыў кантракт. Падрабязнасці бакі не каментавалі.

У інтэрнэце выкладзена справаздача пра дзейнасць лорда Бела ў падтрымку Беларусі з 1 лістапада 2008 года па 31 студзеня 2009-га. Аднак згадваюцца таксама падзеі, што выходзяць за межы гэтага перыяду.

У ліку выканаўцаў акрамя Бела названы Жэня Харысан, Пол Бейверстак і Дэвід Рычманд (мяркуючы па ўсім, супрацоўнікі "Чайм Кам`юнікейшнз").

У справаздачы адзначаецца, што "за апошнія 3,5 месяца адбыўся значны прагрэс у дачыненні да Беларусі — у прыватнасці значная пераацэнка адносін ЕС і ЗША з Беларуссю, у тым ліку зняцце ці прыпыненне дзеяння некаторых санкцый".

"Гэта ў першую чаргу стала вынікам захадаў, зробленых урадам Беларусі, у тым ліку вызваленне трох палітычных зняволеных, намаганняў, прадпрынятых для таго, каб парламенцкія выбары былі свабоднымі і справядлівымі, а таксама сігналаў, пасланых прэзідэнтам у сваіх публічных заявах і інтэрв`ю вядучым замежным выданням", — сказана ў дакуменце.

У справаздачы пералічаны канкрэтныя мэты.

Напрыклад, пункт "Садзейнічанне Беларусі ва ўстанаўленні прадуктыўнага дыялогу з ЕС" утрымлівае наступныя падпункты:

- стварэнне ўмоў для таго, каб ЕС зняў свае санкцыі ў дачыненні да пэўных асоб ва ўрадавых колах Беларусі, у тым ліку забарону на кантакты на ўзроўні міністраў і ўезд на тэрыторыю ЕС;

- стварэнне ўмоў для таго, каб ЕС разблакаваў фінансавыя актывы гэтых асоб.

Пункт "Фарміраванне пазітыўнага ўспрымання прэзідэнта Лукашэнкі і краіны ў цэлым за мяжой" прадугледжваў:

- прапаганду эканамічных поспехаў і сацыяльнай стабільнасці, дасягнутых пры кіраўніцтве Лукашэнкі;

- забеспячэнне таго, каб паведамленні пра прагрэс Беларусі ў галіне дэмакратыі і пэўных захадаў, што робяцца для дасягнення гэтага прагрэсу, дасягнулі мэтавых аўдыторый у міжнароднай супольнасці;

- перадачу збалансаванай інфармацыі аб парламенцкіх выбарах у Беларусі ў верасні 2008 года ключавым фігурам;

- прапаганду Беларусі як прывабнага кірунку для міжнароднага бізнесу і турызму;

- тлумачэнне ключавым фігурам таго, што Беларусь мае стратэгічнае значэнне з пункту гледжання міжнародных адносін, асабліва ў дачыненні да Расіі.

У справаздачы пералічаны дзеянні, прадпрынятыя лордам Белам для дасягнення гэтых мэт.

У іх ліку — сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем, яго намеснікам Наталляй Пяткевіч і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

Паведамляецца, напрыклад, што лорд Бел лётаў у Брэст для сустрэчы з Макеем, падчас якой рэкамендаваў вызваліць перад парламенцкімі выбарамі апазіцыйных палітыкаў. (Паводле даных беларускіх праваабаронцаў, у 2008 годзе ў Беларусі налічвалася 19 палітзняволеных, у 2009-м — пяць. У ліку самых вядомых — кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін, а таксама прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў.) Лорд Бел прапанаваў Макею ўзор заявы для прэсы ў сувязі з гэтымі вызваленнямі.

Лорд Бел, адзначаецца ў справаздачы, рэкамендаваў Лукашэнкуа даць вялікае інтэрв`ю якому-небудзь вядучаму міжнароднаму СМІ. Пры дапамозе Жэні Харысана былі арганізаваны такія інтэрв`ю з "Файнэншэл таймс" і "Фракфуртэр Альгемайне цайтунг".

Беларусі таксама было рэкамендавана пераканаць міжнародную супольнасць у тым, што амерыканскі юрыст Эмануіл Зельцэр, які ўтрымліваецца ў беларускай турме, атрымлівае неабходную меддапамогу.

Лорд Бел рэкамендаваў Беларусі прадставіць збалансаваную карціну парламенцкіх выбараў вядучым мэтавым фігурам у Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Бруселі. Бел і яго кампанія склалі спіс з 500 такіх мэтавых фігур.

Былі прапанаваны рэкамендацыі па адказе ўрада Беларусі на справаздачу назіральнікаў АБСЕ аб парламенцкіх выбарах 2008 года.

У прыватнасці для таго, каб перахапіць стратэгічную ініцыятыву і адцягнуць увагу сусветнай прэсы ад таго, што ніводны апазіцыйны кандыдат не быў абраны ў парламент, Бел рэкамендаваў Лукашэнку абвясціць афіцыйнае расследаванне, якое будзе праводзіць ЦВК у дачыненні да фактаў, указаных у справаздачы АБСЕ.

Напярэдадні выбараў Дэвід Рычманд правёў шэраг сустрэч на высокім узроўні з ключавымі дзеячамі ЕС і Вялікабрытаніі, гаворыцца ў справаздачы. У прыватнасці ён сустракаўся і неаднаразова размаўляў па тэлефоне з наступнымі чыноўнікамі Еўрасаюза: Робертам Куперам, Хельгай Шміт, Эмай Удвін, Цімам Бэроу, Хільдай Хаардэман і Вікторыяй Ловенберг.

Акрамя таго, былі арганізаваны сустрэчы з высокапастаўленымі чыноўнікамі брытанскага МЗС, якіх, як сказана ў справаздачы, лорд Бел не можа назваць па той прычыне, што гэтыя сустрэчы былі строга канфідэнцыйнымі.

Пасля гэтых сустрэч Бел сустракаўся з Макеем перад кастрычніцкім пасяджэннем Савета ЕС, на якім разглядалася пытанне аб сітуацыі ў Беларусі. Затым па заданні Макея Рычманд лётаў у Страсбург, каб пракансультаваць Сяргея Мартынава перад яго сустрэчай з прэзідэнтам ЕС Хаўерам Саланам.

Рычманд таксама звяртаўся ў МЗС Вялікабрытаніі з просьбай разгледзець магчымасць сустрэчы Лукашэнкі з прэм`ер-міністрам Горданам Браўнам падчас правядзення ў Лондане Беларускага інвестыцыйнага форуму.

Справаздача ўтрымлівае пункт "Прамое лабіраванне", дзе гаворыцца аб працы з пэўнымі афіцыйнымі асобамі і палітыкамі ЕС. У іх ліку — дэпутаты Еўрапарламента ад Польшчы (Ёзэф Піньёр), Літвы (Вінцас Палецкіс), Вялікабрытаніі (Чарльз Тэнак), Ірландыі (Марыян Харкін) і Галандыі (Ян Марынус Вірсма). Гэтыя кантакты ставілі мэтай паказаць, што Беларусь уважліва ставіцца да таго, што гаворыць Еўрапарламент пра беларускія выбары, а таксама атрымаць яснае ўяўленне пра пазіцыю пэўных членаў Еўрапарламента, якія публічна крытыкуюць Беларусь.

Паводле інфармацыі Мікалая Халезіна, план лорда Бела па павышэнні іміджу Беларусі ацэньваўся ў 10 мільёнаў еўра.

БелаПАН
Мінск, 13 снежня 2012
 
Дата публикации:13.12.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2129
 
Ключевые слова:
Имидж Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме