https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА высока ацэньвае супрацоўніцтва з Беларуссю


Гэта адзначыў дырэктар Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Кішор Раа ў час сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА Паўлам Латушкам, паведамілі ў беларускім пасольстве ў Францыі.
Павел Латушка праінфармаваў аб намаганнях Беларусі па рэстаўрацыі помнікаў, якія былі ўключаны ў Спіс аб`ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У прыватнасці, у 2010 годзе завершана рэстаўрацыя замкавага комплексу "Мір", а ў 2012-м - Нясвіжскага замка. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА расказаў і аб рэалізацыі ў нашай краіне дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі", якая прадугледжвае кансервацыю, аднаўленне і рэстаўрацыю 38 гістарычных помнікаў.

Кішор Раа падкрэсліў, што Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА высока ацэньвае супрацоўніцтва з Беларуссю і яе намаганні па аднаўленню помнікаў ЮНЕСКА, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Ён падкрэсліў, што Цэнтр гатовы да далейшага актыўнага ўзаемадзеяння з Беларуссю па пытаннях аховы спадчыны.

У якасці прыкладаў эфектыўнага ўзаемнага супрацоўніцтва было адзначана правядзенне ў 2012 годзе двух міжнародных рэгіянальных семінараў на базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" і замкавага комплексу "Мір", якія былі прысвечаны пытанням захавання сусветнай спадчыны. У семінарах прынялі ўдзел эксперты Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, ІКОМОС, прадстаўнікі Беларусі, Вялікабрытаніі, Літвы, Латвіі, Расіі, Польшчы, Украіны і іншых краін. Яны дамовіліся аб прадаўжэнні практыкі арганізацыі на тэрыторыі Беларусі семінараў па ахове спадчыны.

Павел Латушка і Кішор Раа абмяняліся таксама думкамі аб перспектывах больш шырокага прадстаўлення беларускіх аб`ектаў у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Беларусь унесла ў папярэдні спіс шэраг аб`ектаў, якія могуць быць прадстаўлены для ўключэння ў Спіс аб`ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У прыватнасці, гэта Аўгустоўскі канал, Брэсцкая крэпасць-герой, Камянецкая вежа, Каложская царква ў Гродне, матэрыяльная і духоўная спадчына Ефрасінні Полацкай, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і іншыя.

Дырэктар Цэнтра выказаў гатоўнасць дапамагаць беларускаму боку ў папярэдняй прапрацоўцы і тэхнічнай падтрымцы пры падрыхтоўцы намінацыйных дасье для ўключэння ў Спіс аб`ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА помнікаў, якія размешчаны на тэрыторыі Беларусі.

Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб прадаўжэнні канструктыўнага ўзаемадзеяння.

Дырэктару цэнтра былі ўручаны кніга "Спадчына Беларусі" і навучальны дапаможнік "Міжнародная і нацыянальныя прававыя сістэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны дзяржаў - удзельніц СНД", выдадзены ў 2012 годзе пры падтрымцы Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін Садружнасці.

21 сакавіка 2013, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА
 
Дата публикации:21.03.2013
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:1702
 
Ключевые слова:
Мировое наследие Реставрация Туризм в Беларуси Беларусь-Франция ЮНЕСКО
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме