Беларусь заклікала дасканала разгледзець сітуацыю з парушэннем правоў дзіцяці ў Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі ў выпадках, калі сацыяльныя службы гэтых краін адбіраюць дзяцей у сваіх законных бацькоў па надуманых прычынах.
У рабоце сесіі, якая праходзіць з 25 лютага па 22 сакавіка, прымае ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Жэневе Міхаілам Хвастовым. Беларускія дыпламаты, у прыватнасці, прынялі ўдзел у дыскусіях са спецыяльнымі дакладчыкамі аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы і Ісламскай Рэспубліцы Іран, заклікаўшы Савет па правах чалавека прадоўжыць намаганні па наладжванню з урадамі гэтых краін сапраўднага дыялогу.
У час абмеркавання сітуацый у галіне правоў чалавека, якія патрабуюць увагі з боку Савета, Беларусь акцэнтавала ўвагу на фактах парушэнняў правоў чалавека ў шэрагу краін свету, уключаючы Аўстрыю, Бельгію, Вялікабрытанію, Венгрыю, Германію, Ірландыю, Канаду, Латвію, Літву, Нідэрланды, Нарвегію, Польшчу, Румынію, Славакію, Славенію, ЗША, Фінляндыю, Францыю, Швецыю, Чэхію, Эстонію.
Беларусь выказала занепакоенасць у сувязі з абмежаваннем у краінах ЕС сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян, асудзіла разгон мірных дэманстрацый у шэрагу еўрапейскіх сталіц і жорсткія расправы паліцыі над удзельнікамі гэтых падзей.
Беларусь таксама заклікала Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Савет рэагаваць на факты парушэнняў правоў чалавека ў краінах - членах ЕС і патрабаваць падсправаздачнасці за такія парушэнні.
13 сакавіка 2013, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА