https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сёння — Міжнародны дзень роднай мовы


21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Непераможнае

Роднае. Гэта тое, што не пераможа нішто і ніколі. Бо як ні круці і не вылузвайся, ты ўсё адно пачынаешся адтуль, дзе нарадзіўся, сярод каго нарадзіўся. А потым з гэтым выходзіш у свет. Ён можа цябе ламаць, падпарадкоўваць, мяняць. Але там, дзе ты нарадзіўся, табе заўсёды будзе хацецца быць сабой. Хоць там... І таму ніякая вонкавая сітуацыя не можа прымусіць чалавека змяніцца настолькі, каб перастаць хацець быць сабой. Калі толькі чалавек сам не гатовы да таго, што можа адмовіцца ад ўласнага "я", мяняцца ў адпаведнасці з павевамі: ламаць сваё нутро, сваё разуменне, маўленне, нават твар — цяпер жа і гэта не праблема. Але хто хацеў бы жыць у свеце асоб з выключна аднолькавымі тварамі? Ці было б гэта прасцей?.. Ці было б гэта цікава? Чамусьці гэтыя пытанні апускаюцца, калі разважаюць пра моўную сітуацыю.

У кожнай сям`і яна свая. Мае бацькі ніколі не задумваліся, якой гаворкай карыстаюцца паміж сабой. Ім трэба нешта сказаць — яны гавораць. Як гаварылі іх бацькі і як заўсёды казалі ў нашай мясцовасці. Цяпер яны часам удакладняюць: "Мы по-свойму говорым". Удакладняюць, калі іх унучка дзівіцца нейкаму слоўцу, якое не можа пачуць больш нідзе, а толькі ў бабулі і дзядулі. Проста ўнучка жыве ў Расіі. "Ба, ну што такое "пойдэм поемо?" — "От, ну тэбэ..." — усміхаецца бабуля-паляшучка.

У нашай сям`і моўная сітуацыя нават не двойчы, а тройчы цікавая. Бо родная гаворка маёй сям`і — паляшуцкая. Я яе чула з дзяцінства. Але калі ў садку ці школе нешта такое, бывала, выдавала, то заўсёды было каму паправіць: "Няправільна". Цяпер разумею, што ўсё якраз-такі і было правільна. З пазіцый маёй сям`і. І цяпер мне ў галаву не прыйдзе папраўляць сваіх бацькоў. Наадварот, апошнім часам я атрымліваю каласальнае задавальненне ад таго, як яны гавораць. Некаму збоку можа падацца, што палескі дыялект гучыць больш цвёрда ў параўнанні з літаратурнай беларускай мовай. Але паслухалі б вы, калі мае бацькі ў вёсцы сустракаюцца са сваякамі — гэта гучыць, як песня: з адметнай пяшчотай і чароўна! Нездарма маскоўская ўнучка ўпадабала паездкі ў вёску: ёсць што паслухаць. І яна прыслухоўваецца, удакладняе асобныя словы. А нядаўна гасцявала ў Мінску і стала задаваць пытанне, чаму я размаўляю не так, як бабуля? Адчула ж! Прыйшла неяк пляменніца да мяне ў рэдакцыю і пачула, як мы размаўляем з калегай. Нейкія словы запомніла, спытала, ці правільна зразумела. І здзівілася: а чаму ў Беларусі столькі варыянтаў маўлення? Дык жа і краіна не малая, кажу. Але ёсць літаратурная мова, на якой пішуць кнігі, газеты. "І сайты?.." Чамусьці гэта яе ўразіла больш за ўсё: "Ну калі сайты, то значыць крутая мова!" Але самым нечаканым вынікам той размовы была яе просьба: "А ты не магла б са мной гаварыць па-беларуску?" Наша дзяўчынка!.. І хто скажа, што роднае не адгукаецца?..

Ларыса Цімошык
Звязда, 21 лютага 2013

 
Дата публикации:21.02.2013
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:2105
 
Ключевые слова:
Беларуская мова День родного языка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме