Гэтым святам царква адзначае хрышчэнне 30-гадовага Хрыста ў рацэ Іардан, якое ён прыняў ад Іаана Прадцечы. Згодна з Евангеллем, менавіта ў гэты дзень свету з`явілася Прасвятая Тройца, таму яшчэ адна назва свята — Богаяўленне. Прынята лічыць, што з гэтага моманту бярэ пачатак хрысціянскае хрышчэне — таінства духоўнага ачышчэння і адраджэння.
Напярэдадні свята вернікі посцяцца, а святары — асвячаюць ваду ў праваслаўных храмах і вадаёмах. Асвячэнне вады працягваецца і ў дзень Хрышчэння. У храмах праводзяцца святочныя службы, пасля якіх вернікі набіраюць асвячоную ваду — яна захоўваецца на працягу ўсяго года.
Як паведамілі ў экзархаце Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), асвячоную ваду можна набраць у любым праваслаўным храме. Тыя, хто па нейкіх прычынах не зробіць гэта на Хрышчэнне, могуць атрымаць асвячоную ваду ў любы іншы дзень. Падчас свята Хрышчэння рэкамендуецца таксама спавядацца і прычасціцца.
Некаторыя вернікі і святары на Хрышчэнне ажыццяўляюць абрад абмывання ў вадаёмах. Аднак, як неаднаразова заяўлялі прадстаўнікі БПЦ, акунацца ў палонку на Хрышчэнне не абавязкова — гэта не ачышчае ад грахоў. Тым, хто ўсё ж прыняў рашэнне аб абмыванні ў вадаёме, варта рабіць гэта з малітвай і ўстрымацца ад ужывання спіртных напояў.
На прэс-канферэнцыі 16 студзеня старшыня клуба загартоўвання і зімовага плавання "Камсамольскае возера" Уладзімір Шульган паведаміў, што ўсе ратавальныя станцыі Мінска будуць гатовы для прыёму людзей на Хрышчэнне. Жадаючым акунуцца рэкамендуецца мець пры сабе гумавыя шлёпанцы і халат з капюшонам, да і пасля пагружэння варта выпіць моцную гарачую гарбату. Пагружацца варта адзін раз, але поўнасцю.
У сваю чаргу медыкі папярэджваюць: акунацца ў палонку трэба толькі тым, хто загартоўваецца сістэматычна. Інакш нават у здаровага чалавека пагружэнне ў ледзяную ваду можа выклікаць парушэнне рытму сэрца. Катэгарычна супрацьпаказана акунацца ў палонку людзям з хранічнымі захворваннямі: запаленчымі працэсамі любой лакалізацыі, сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, хваробамі цэнтральнай нервовай сістэмы і тым, хто раней хаця б кароткатэрмінова страчваў прытомнасць.
На Хрышчэнне ў Беларусі пахаладала. Сёння днём на большай частцы Брэсцкай і Гомельскай абласцей прагназуецца снег, па поўдні — мокры снег, слабы галалёд. Вецер паўночна-ўсходні ўмераны. Максімальная дзённая тэмпература паветра мінус 11—16°С, у паўднёвых раёнах мінус 5 — 10°С.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 19 студзеня 2013