Малюнак, распрацаваны магіляўчанкай Кацярынай Табанюхінай, выкананы акварэллю ў сініх, блакітных, ружовых і аранжавых тонах. У бліжэйшы час эмблема з`явіцца на бігбордах і лайтпостарах, друкаванай рэкламнай прадукцыі. Лагатып таксама будзе размяшчацца на таварах, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Магілёва.
"Званне двойчы культурнай сталіцы не толькі накладае на наш горад адказнасць, але і абавязкова прынясе нямала радасці магіляўчанам, - адзначыла Ірына Жабарава. - Абласны цэнтр пойдзе па шляху, адрознаму ад папярэднікаў - Полацка, Гомеля, Нясвіжа, - дзе на працягу года праводзіліся Дні культуры розных дзяржаў. Мы вырашылі падзяліць свае задумы па дзевяці напрамках".
Так, праект "Радзіма наша - скарб" раскажа пра Беларусь, "Жыццё гарадоў" - аб 14 гарадах-пабрацімах і 19 партнёрах Магілёва, а таксама іншых краінах СНД і Еўропы, з якімі супрацоўнічае абласны цэнтр. "Славяне - таленавітыя людзі, - падкрэсліла Ірына Жабарава. - Мы хочам узяць яркую адметную асаблівасць кожнага народа і, абыграўшы, расказаць аб ёй цікава, пазнавальна".
Не застанецца без увагі моладзь, ад якой паступае шмат ідэй. Па спецыяльнаму праекту "Жыццё, рух, радасць, захапленне" адбудуцца маладзёжныя гарадскія конкурсы, фестывалі, фотавыстаўкі.
Знойдуць падтрымку юныя таленты. У чэрвені плануецца грандыёзны сумесны праект з аркестрам "Віртуозы Масквы" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова. "Майстар актыўна падтрымлівае таленавітых дзяцей, прадстаўляючы ім магчымасць выступіць на сцэне разам са знакамітымі музыкантамі. Гэта дае дзецям новы штуршок, стымул да творчага развіцця", - лічыць Ірына Жабарава.
Будзе насычаным і духоўнае жыццё Магілёва. У час традыцыйнага фестывалю "Магутны Божа" пройдуць шматлікія канферэнцыі, чытанні, сустрэчы са свяшчэннаслужыцелямі.
Ёсць задума аднавіць у гэтым годзе міжнародны пленэр "Каменная казка". "Праект дарагі, але вынікі працы майстроў застануцца ў Магілёве і будуць упрыгожваць гарадскія вуліцы, паркі, скверы", - лічыць Ірына Жабарава.
Званне культурнай сталіцы - гэта не толькі брэнд, але яшчэ і прычына задумацца над асабістай культурай, паводзінамі, учынкамі, упэўнена Ірына Жабарава. "Спадзяюся, гараджане пацвердзяць званне Магілёва як культурнай сталіцы актыўнасцю і зацікаўленасцю", - сказала яна.
5 студзеня 2013, Магілёў
Вольга Ткачова - БЕЛТА