"Наша стратэгія — інтэграцыя ў еўрапейскую і еўраатлантычную прастору, і мы не маем намеру пераглядаць гэтую стратэгію. Пры гэтым мы павінны паглыбіць адносіны з усімі краінамі СНД. Але ўваходжанне ў СНД мы не разглядаем", — заявіў Іванішвілі. Ён падкрэсліў, што Грузія мае намер "палепшыць адносіны з усімі краінамі СНД і выкарыстаць для гэтага любыя формы супрацоўніцтва, якія не перашкодзяць нашай стратэгіі".
11 снежня ў Мінску на сустрэчы з членамі Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Грузіі вярнуцца ў СНД, старшынства ў якой з 1 студзеня пераходзіць да Беларусі.
"З 1 студзеня Беларусь прыме старшынства ў СНД. Мы вас чакаем, — сказаў Лукашэнка грузінскаму журналісту. — Я буду вас прасіць як першы крок вярнуцца ў СНД. Вы ў гэтым нічога не страціце. І Расія будзе першай за. Трэба вярнуцца. І там мы знойдзем вырашэнне ўсіх пытанняў. Калі, канешне, грузінскія палітыкі гэтага захочуць".
Аб выхадзе Грузіі са складу СНД прэзідэнт краіны Міхаіл Саакашвілі заявіў пасля ўзброенага канфлікту з Паўднёвай Асеціяй у жніўні 2008 года. Ініцыятыву кіраўніка дзяржавы падтрымаў парламент, і 18 жніўня МЗС Грузіі паведаміў выканаўчаму камітэту СНД аб выхадзе краіны з Садружнасці. Афіцыйная працэдура выхаду завяршылася праз 12 месяцаў пасля паведамлення выканкама.
БелаПАН
Мінск, 25 снежня 2012