На думку складальнікаў адкрытага ліста пратэсту, кандыдатура Эўразьвязу цалкам не адпавядае канцэпцыі прэміі міру, якую Альфрэд Нобэль сфармуляваў у сваім запавеце. «Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт рэфармаваў прэмію ў манеры, якая выходзіць за рамкі дазволенага», – сьцьвярджаецца ў лісьце.
Цырымонія ўручэньня прэміі павінна прайсьці 10 сьнежня ў сталіцы Нарвэгіі Осла. У адрозьненьне ад усіх астатніх нобэлеўскіх прэмій, прэмія міру традыцыйна ўручаецца ня ў Швэцыі, а ў Нарвэгіі. На цырымоніі пагадзіліся прысутнічаць 18 лідэраў эўрапейскіх краін, шасьцёра, на чале з брытанскім прэм`ерам Дэвідам Кэмэранам, ад запрашэньня адмовіліся.
Ад імя ЭЗ прэмію павінны атрымліваць старшыня Эўракамісіі Жазэ Барозу, прэзыдэнт Рады Эўропы Херман ван Рампей і старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц.
Аб ўручэньні Эўразьвязу прэміі міру стала вядома 12 кастрычніка 2012 году. Нобэлеўскі камітэт абгрунтаваў свой выбар тым, што ЭЗ «дапамог ператварыць Эўропу з ахопленага вайной кантынэнту ў кантынэнт, на якім доўгі час квітнее мір». У той жа час рашэньне камітэту выклікала незадаволенасьць, напрыклад, у Грэцыі, якой з прычыны глыбокага эканамічнага крызысу пагражае выхад з эўразоны.
Радыё Свабода, 30 лістапада 2012