https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Еўрадэпутат заклікаў ЕС перадаць Нобелеўскую прэмію міру на развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі


Адпаведная прапанова ўтрымліваецца ў пісьмовым запыце, накіраваным еўрадэпутатам у Савет Еўрасаюза, паведаміла яго памочнік Ганна Бяляс.
Польскі еўрадэпутат Марак Мігальскі прапануе перадаць фінансавыя сродкі, якія Еўрапейскі саюз атрымаў у межах Нобелеўскай прэміі міру, на развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці.

Мігальскі нагадвае, што адным з кандыдатаў на гэтую прэстыжную прэмію быў Алесь Бяляцкі. "Гэты адважны беларускі апазіцыянер адбывае пакаранне ў выглядзе чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі за сваю праваабарончую дзейнасць", — заяўляе польскі еўрадэпутат, які з`яўляўся членам камітэта па вылучэнні Бяляцкага на гэтую прэмію.

Звяртаючыся да Савета ЕС, еўрадэпутат падкрэсліў той факт, што ў маштабе бюджэту Еўрапейскага саюза сродкі, якія атрымае ЕС, нязначныя. Аднак перадача іх на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці "адназначна прынясе адчувальныя вынікі і бясспрэчна будзе садзейнічаць знікненню апошняй дыктатуры ў Еўропе".

"Сорамна, што каля межаў Еўрапейскага саюза дагэтуль кіруе дыктатар", — адзначае Мігальскі.

Нагадаем, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2012 года стаў Еўрасаюз. Пра гэта было афіцыйна абвешчана 12 кастрычніка Нобелеўскім камітэтам у Осла (Нарвегія). Прэмію ЕС атрымаў за тое, што больш як 60 гадоў "прысвяціў прасоўванню міру і прызнанню дэмакратыі і правоў чалавека ў Еўропе".

Сёлета на ўзнагароду прэтэндаваў 231 кандыдат. У іх ліку быў і 50-гадовы Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", які ўжо больш як год знаходзіцца за кратамі паводле абвінавачання ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Самым сур`ёзным прэтэндэнтам на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру гэтага года букмекеры называлі барацьбіта за правы чалавека і правы жанчын Сіму Самар з Афганістана. Сярод найбольш верагодных кандыдатаў таксама называлі экс-прэм`ер-міністра Украіны Юлію Цімашэнку.

Рашэнне Нобелеўскага камітэта было сустрэта неадназначна. Шматлікія грамадскія дзеячы і палітыкі, у тым ліку кіраўнікі некаторых дзяржаў, раскрытыкавалі яго, нагадаўшы, што Еўропа цяпер перажывае не лепшыя часы. Так, прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс назваў прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру Еўрапейскаму саюзу "трагічнай памылкай".

Паводле яго слоў, ён спачатку вырашыў, што гэта "журналісцкая вутка, жарт". "Я нават у сне не мог сабе ўявіць, што пра гэта хто-небудзь думае сур`ёзна", — сказаў прэзідэнт Чэхіі. Паводле слоў Клаўса, Нобелеўская прэмія міру мае сэнс тады, калі яе атрымлівае "пэўны чалавек за канкрэтны ўнікальны ўнёсак". "Прысуджаць яе інстытуцыі, больш за тое, у гэтым выпадку бюракратычнай — гэта пустое ўзнагароджанне", — адзначыў ён.

Кіраўнік Маскоўскай Хельсінкскай групы Людміла Аляксеева, якая разам з Бяляцкім была ў ліку намінантаў Нобелеўскай прэміі міру гэтага года, заявіла, што ЕС — гэта "велізарная бюракратычная арганізацыя, і прысуджэнне ёй прэміі не адыграе ніякай ролі ў яе будучай палітыцы". Паводле слоў расійскай праваабаронцы, прысуджэнне прэміі міру ЕС ці прэзідэнту ЗША Абаме, як летась, абясцэньвае асноўную ідэю гэтай узнагароды.

Былы прэзідэнт Польшчы і лаўрэат гэтай прэміі 1983 года Лех Валенса заявіў, што "здзіўлены і расчараваны" рашэннем Нобелеўскага камітэта. Ён лічыць, што з такім жа поспехам можна было б узнагародзіць гэтай прэміяй планету Зямля.

Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру Еўрасаюзу выклікала таксама здзіўленне ў многіх жыхароў Грэцыі, якая больш за іншыя краіны ЕС пакутуе ад эканамічнага крызісу. Адзін з грэчаскіх сайтаў навін размясціў артыкул "Грэчаскі крызіс даў Нобелеўскую прэмію міру ЕС!". Рэзкую крытыку падзея выклікала ў грэчаскім сегменце Twitter.

Акрамя таго, многія ўспомнілі пра 38-гадовае раздзяленне Кіпра, які з`яўляецца членам ЕС, пра бамбардзіроўку Югаславіі, пра ўдзел еўрапейскіх узброеных сіл у ваенных дзеяннях у Лівіі, Іраку, Афганістане і г.д.

Пры гэтым старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц і старшыня Еўрапейскага савета Херман ван Рампёй заявілі, што ганарацца тым, што менавіта Еўрасаюз атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Прэмія міру, паводле завяшчання Альфрэда Нобеля, прысуджаецца не ў Стакгольме, а ў Осла. Уручэнне ўзнагароды суправаджаецца вялікім грамадскім рэзанансам. Прэмія міру можа прысуджацца не толькі прыватным асобам, але і арганізацыям. Памер прэміі ў 2012 годзе склаў 8 млн. шведскіх крон (1,1 млн. долараў ЗША).

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 13 кастрычніка 2012
 
Дата публикации:13.10.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2094
 
Ключевые слова:
Нобелевская премия Оппозиция Экспорт демократии Беларусь-Евросоюз
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме