"Нашы ўзаемаадносіны, Беларусі з Еўрапейскім саюзам, — гэта суцэльны, безупынны прыклад таго, як Еўрапейскі саюз хоча перавярнуць не толькі гісторыю, але і нашу краіну", — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю міждзяржаўнай тэлекампаніі "Мір" (запісана 4 кастрычніка, фрагменты паказаны 7 кастрычніка).
"На роўным месцы нам прад`яўляюць нейкія прэтэнзіі зыходзячы з двайных стандартаў, — сказаў афіцыйны лідар. — Няўжо наш беларускі рэжым больш жорсткі, чым, напрыклад, расійскі, і тэндэнцыі ў Беларусі горшыя, чым у Расіі? Але тым не менш яны Расію так, торкаюць, дзяўбаюць, як на ПАСЕ апошняй, але крануць баяцца, таму што засаўка ў руках расійскага кіраўніцтва: заўтра застануцца без прыроднага газу і нафты, і што тады?"
"Вось і ўся іх палітыка: двайныя суцэльныя стандарты, — прадоўжыў Лукашэнка. — Вось цяпер я паглядзеў у дакумент: радзіліся пасля парламенцкіх выбараў у Еўрапейскім саюзе чыноўнікі і палітыкі. Значыць, паколькі ў парламент не прайшоў ніводны апазіцыянер, цытую, выбары ў Беларусі былі недэмакратычнымі. Слухайце, ну гэта ж абсурд. А калі б прайшоў адзін апазіцыянер ці два — гэта што, дэмакратычнымі б былі?"
"Вось у кулуарах, у вузкім коле [кажуць]: ды якія прэтэнзіі да беларусаў? Ды дай бог… Вось француз адзін, незалежны, праўда, прабраўся сюды і кажа: слухайце, ды калі б у нас, у Францыі, так выбары адбываліся. Ды нам трэба вучыцца, французам, у беларусаў. Гэта не ангажаваны чалавек. Яны ўсе гавораць так, хто публічна, хто паціху. Ну а ў справаздачах пішуць тое, што нарыхтавалі ім брусельскія палітыкі, якія наогул, напэўна, не ведаюць, дзе размешчана гэта Беларусь, а калі і ведаюць, то думаюць, што тут, акрамя балота і дзвюх рачулак, нічога няма", — заявіў Лукашэнка.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 8 кастрычніка 2012