«Цяпер чакаем вызначэньня тэрмінаў, пакуль ніхто ня можа сказаць, калі будзе паседжаньне суду», — цытуе амбасадара ўкраінскі інтэрнэт-рэсурс podrobnosti.ua са спасылкай на агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».
Ён удакладніў, што апэляцыя па кожным асуджаным украінцы, а таксама апэляцыі грамадзян Расеі і Беларусі будуць разглядацца асобна, і таму разгляд забярэ досыць доўгі час.
27 жніўня 2011 г. лібійскі паўстанцкі батальён затрымаў грамадзянаў Беларусі, Украіны і Расеі. Усёй групе было выстаўленае абвінавачаньне ў аднаўленьні вайсковай тэхнікі, якая выкарыстоўвалася рэжымам Кадафі для «зьнішчэньня лібійскага народу».
4 чэрвеня Вайсковы суд Трыпалі прысудзіў 19 грамадзян Украіны да 10 гадоў зьняволеньня за дапамогу рэжыму Кадафі. Акрамя таго, адзін грамадзянін РФ атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне, яшчэ адзін расіянін і тры беларусы атрымалі па 10 гадоў турмы.
Радыё Свабода, 4 кастрычніка 2012