Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, у лагеры знаходзіліся 36 грамадзян В`етнама ва ўзросце каля 30 гадоў. Пры сабе ў затрыманых не было ні грашовых сродкаў, ні дакументаў, якія б сведчылі асобу.
У мерапрыемствах па пошуку і затрыманні парушальнікаў былі задзейнічаны падраздзяленні Гродзенскай міліцыі.
Першасным разборам устаноўлена, што на тэрыторыю Беларусі мігранты трапілі незаконна і рыхтаваліся да парушэння мяжы.
Іншаземцы прыбылі ў Беларусь з Масквы, куды ў розны час дабіраліся чыгуначным транспартам з Ханоя. У некаторых з іх у расійскай сталіцы ўжо пражывалі сваякі, якія дапамагалі наймаць часовае жыллё і працаўладкоўваць мужчын рознарабочымі на рынках, а жанчын — нянечкамі.
З Масквы група прыбыла на аўтобусе, на тэрыторыі Беларусі не спынялася, а накіроўвалася непасрэдна да мяжы. Лагер нелегалы разбілі за 6 км ад лініі мяжы, не даходзячы да пагранічнай зоны, у надзеі на тое, што такім чынам яны будуць менш прыцягваць да сябе ўвагу.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 верасня 2012