Сырыйскія войскі пры падтрымцы авіяцыі падверглі сёньня бамбардаваньню і артылерыйскаму абстрэлу найбуйнейшы горад краіны Алепа. Апазыцыянэры, якія кантралююць шэраг кварталаў гораду, адзначаюць, што ўрадавыя сілы пачалі надзвычай актыўна ўжываць у баях авіяцыю.
Паведамляецца, што ўрадавыя войскі ўсталявалі сёньня кантроль над большай часткай сталіцы краіны Дамаску, але ў Алепа паўстанцы па-ранейшаму трымаюць абарону.
У апошнія дні паўстанцкія атрады атакавалі шэраг лётнішчаў і базаў вайсковай авіяцыі, імкнучыся сарваць яе ўдзел у апэрацыях наземных войскаў. Улады Сірыі заяўляюць, што ўчора ўрадавым войскам удалося адбіць масіраваны напад паўстанцаў на базу ВПС у ваколіцах Алепа. Сырыйскія актывісты паведамляюць, што ўзброеныя прыхільнікі апазыцыі захапілі вайскова-паветраную базу на ўсходзе краіны – непадалёку ад мяжы зь Іракам.
Паводле сырыйскай праваабарончай групы, якая базуецца ў Лёндане, за мінулыя суткі ў Сірыі загінулі каля ста чалавек – галоўным чынам у Алепа і прымесьцях Дамаску.
Адначасова пачынаецца міратворчая місія альжырскага дыплямата Ляхдара Брахімі, які замяніў Кофі Анана на пасадзе пасланьніка ААН і Лігі Арабскіх Дзяржаў у Сырыі.
Таксама сёньня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што чакаць добраахвотнага вываду ўрадавых войскаў з сырыйскіх гарадоў – «нерэалістычна».
Радыё Свабода, 1 верасьня 2012