https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


У рэгіёне Усходняга партнёрства няма месца вязням сумлення ці палітычным зняволеным


Так заявіў камісар Еўрасаюза па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле, выступаючы на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі праграмы ЕС "Усходняе партнёрства" (Еўранест), якое праходзіць у Баку 2—4 красавіка.
"Не варта паддавацца спакусе і ператвараць дыскусію па гэтай важнай праблеме ў абмеркаванне таго, хто з`яўляецца палітычным зняволеным, а хто — не. Гісторыя дала нам у гэтай сувязі шмат урокаў", — цытуе еўракамісара афіцыйны сайт ЕС.

Штэфан Фюле выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што беларускія парламентарыі не ўдзельнічаюць у працы асамблеі. "Думаю, аднойчы яны далучацца да вашай асамблеі", — дадаў ён.

Еўракамісар запэўніў удзельнікаў сустрэчы ў тым, што ЕС умацоўвае сувязі з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. "І мы зноў заявілі пра сваю прыхільнасць палітыцы крытычнага ўзаемадзеяння з уладамі", — сказаў еўракамісар.

Паводле слоў Фюле, у перспектыве ён бачыць Беларусь дэмакратычнай і квітнеючай краінай без палітзняволеных, якая "інтэгравана ў агульную прастору еўрапейскіх каштоўнасцяў".

Як раней паведамляў БелаПАН, у сустрэчы ў Баку ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі, у тым ліку лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, члены аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) і прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!".

Паводле інфармацыі азербайджанскіх СМІ, у межах сустрэчы ў Баку адбылося пасяджэнне рабочай групы Еўранеста па Беларусі. Azerbaijan Business Center прыводзіць словы сустаршыні Еўранеста Крысціяна Вігеніна аб тым, што Беларусь не ўдзельнічае ў пасяджэнні, бо не мае прызнанай у свеце парламенцкай улады. Але рабочая група па Беларусі мае намер як мага хутчэй вярнуць яе ў асамблею, дадаў Вігенін.

Нагадаем, першае пасяджэнне Еўранеста 3 мая 2011 года прайшло без прадстаўнікоў Беларусі. Рашэнне не запрашаць беларускіх дэпутатаў у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў краіне было аднагалосна прынятае ў лютым Канферэнцыяй старшыняў палітычных фракцый Еўрапарламента.

Першапачаткова меркавалася, што ў працы Еўранеста возьмуць удзел 60 еўрадэпутатаў, а таксама па 10 прадстаўнікоў (галоўным чынам парламентарыяў) ад Грузіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Беларусі. Адносна Беларусі разглядаліся розныя варыянты: запрасіць на пасяджэнне Еўранеста выключна апазіцыю або апазіцыю і пяць прадстаўнікоў парламента. Аднак такія ідэі не знайшлі падтрымкі ні ў краін — суседзяў ЕС, ні ў афіцыйнага Мінска.

Ініцыятыва "Усходняе партнёрства" была прапанаваная Польшчай і Швецыяй і зацверджаная на саміце ЕС у Бруселі ў 2008 годзе, афіцыйна ж заснаваная ў маі 2009 года ў Празе. Мэта праграмы — збліжэнне ЕС з Украінай, Арменіяй, Малдовай, Грузіяй, Азербайджанам і Беларуссю без іх прыняцця ў склад ЕС. Праграма прадугледжвае значнае павышэнне ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння, шырокую інтэграцыю рэспублік у эканоміку ЕС, павелічэнне аб`ёмаў фінансавай дапамогі ім і ўзмацненне энергетычнай бяспекі.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 4 красавіка 2012
 
Дата публикации:04.04.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2420
 
Ключевые слова:
Восточное партнёрство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме