https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Eўрасаюз - Беларусь: санкцыі пашыраюцца


Еўрасаюз пашырыў санкцыі ў дачыненні да Беларусі і заклікаў улады краіны вызваліць палітзняволеных.
У выніковым дакуменце, прынятым 23 сакавіка ў Бруселі на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС, зазначаецца: спіс прадстаўнікоў Беларусі, супраць якіх дзейнічаюць санкцыі, пашыраны за кошт "людзей, адказных за сур`ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі".

Савет ЕС таксама прыняў рашэнне аб уключэнні ў спіс бізнесменаў і кампаній, якія "атрымліваюць выгаду ад рэжыму або падтрымліваюць яго", і пакідае за сабой магчымасць далейшага пашырэння абмежавальных мер на сваіх наступных пасяджэннях, калі палітзняволеныя не будуць вызвалены.

Еўрасаюз зноў заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных.

У дакуменце асуджаецца адмова ў задавальненні касацыйнай скаргі праваабаронцы Алеся Бяляцкага і асуджэнне на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі актывіста апазіцыі Сяргея Каваленкі. Апрача таго, гаворыцца аб "сур`ёзнай занепакоенасці ЕС" адносна інфармацыі аб магчымым прымяненні катаванняў і жорсткім абыходжанні ў дачыненні да палітзняволеных у турмах, у тым ліку да Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі, Дзмітрыя Дашкевіча і Мікалая Аўтуховіча.

Савет ЕС асудзіў прывядзенне ў выкананне смяротных прыcудаў Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, зноў заклікаў беларускія ўлады да ўвядзення мараторыя на смяротную кару і зазначыў, што Еўрасаюз выступае супраць гэтага віду пакарання пры любых акалічнасцях.

Еўрасаюз зноў заклікаў беларускія ўлады спыніць усякі пераслед прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў і не абмяжоўваць іх свабоду перамяшчэння. "ЕС асуджае задушэнне мірных пратэстаў і сістэматычнае выкарыстанне судовай сістэмы для рэпрэсій, у тым ліку ў дачыненні да мірных пратэстантаў, — гаворыцца ў дакуменце. — ЕС таксама моцна занепакоены зменамі ў заканадаўстве, якія яшчэ больш абмяжоўваюць правы беларускіх грамадзян на свабоду сходаў, асацыяцый і доступу інфармацыі ў сетцы інтэрнэт".

Савет ЕС заклікаў Беларусь паважаць міжнародна прызнаныя дыпламатычныя прывілеі і імунітэт еўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў і іх супрацоўнікаў у Мінску і не дапускаць іх пераследу.

Апрача таго, ЕС мае намер праінфармаваць міжнародную і нацыянальныя хакейныя федэрацыі аб "адсутнасці ў Беларусі павагі да правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў".

У дакуменце зазначаецца, што ЕС "глыбока прыхільны падтрымцы беларускага народа і грамадзянскай супольнасці і супрацоўніцтву з імі, а таксама дэмакратычным памкненням беларусаў". Савет ЕС вітае рашэнне аб запуску праграмы Еўрасаюза "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі" з беларускім грамадствам, якая прадугледжвае неабходныя рэформы ў Беларусі, а таксама магчымую падтрымку ЕС у сувязі з гэтым.

Еўрасаюз таксама заклікае беларускія ўлады пачаць нацыянальны дыялог з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй, каб "пракласці шлях" для правядзення парламенцкіх выбараў у 2012 годзе ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і стандартамі, заклікае супрацоўнічаць з АБСЕ і прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязацельстваў як краіна — удзельніца гэтай  арганізацыі.

ЕС зноў заяўляе пра сваю гатоўнасць пачаць перамовы па пагадненнях аб аблягчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, якія "ўмацавалі б кантакты паміж людзьмі, што пайшло б на карысць жыхарам Беларусі", і шкадуе "аб неканструктыўнай пазіцыі беларускіх уладаў, якія не адказалі дагэтуль на ліст, накіраваны ў чэрвені 2011 года, што заклікаў пачаць перамовы".

У дакуменце гаворыцца, што Савет ЕС працягне ўважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі. "Савет зноў заяўляе пра сваю прыхільнасць палітыцы крытычнага абавязацельства, у тым ліку праз дыялог і праграму "Усходняе партнёрства", і заяўляе, што развіццё двухбаковых адносінаў залежыць ад прагрэсу Беларусі ў кірунку паважання прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека. ЕС па-ранейшаму гатовы аказаць дапамогу Беларусі выконваць гэтыя абавязацельствы", — заяўляюць аўтары.

Таццяна Каравянкова, Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 23 сакавіка 2012
 
Дата публикации:23.03.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2248
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз Санкции Восточное партнёрство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме