Адпаведную рэзалюцыю еўрапарламентарыі ўхвалілі на сесіі, якая прайшла 2—5 ліпеня ў Страсбургу.
Еўрапарламент прывітаў вызваленне журналіста Андрэя Пачобута і запатрабаваў зняць з яго ўсе абвінавачанні.
Акрамя таго, еўрадэпутаты занепакоены тым, што прыгавор, вынесены Пачобуту раней паводле аналагічнага абвінавачання, можа быць адменены і журналіст можа быць змешчаны ў турму ў любы час на меркаванне ўладаў, калі тыя вырашаць, што Пачобут зноў парушыў закон пры выкананні сваёй журналісцкай працы. У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што гэта фактычна з`яўляецца адной з форм запалохвання і спробай прымусіць яго займацца самацэнзурай.
У дакуменце выказваецца глыбокая заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з праваабаронцамі ў Беларусі і асуджаюцца любыя пагрозы на адрас журналістаў і іншых асоб у сувязі з выкарыстаннем імі права на свабоду выказвання меркавання.
Еўрапарламент заклікаў спыніць судовы пераслед журналістаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў і адмовіцца ад рэпрэсіўнай палітыкі. У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне, што беларускія ўлады, уводзячы рэпрэсіўныя законы, робяць немагчымай працу журналістаў, выкарыстоўваюць пагрозу крымінальнага пакарання для запалохвання праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Еўрапарламент таксама заклікаў беларускія ўлады забяспечыць пры любых акалічнасцях паважанне дэмакратычных прынцыпаў, правоў чалавека і асноўных свабод у адпаведнасці з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і міжнароднымі і рэгіянальнымі дакументамі па правах чалавека, ратыфікаванымі Беларуссю. Пры гэтым адзначаецца, што свабода СМІ і свабода выказвання меркаванняў з`яўляюцца "адным з краевугольных камянёў дэмакратыі, абавязацельства паважаць якія ўзялі на сябе беларускія ўлады".
Акрамя таго, Еўрапарламент настойліва заклікае афіцыйны Мінск рэфармаваць законы і прывесці беларускае заканадаўства (у тым ліку тое, што закранае правы на свабоду сходаў, асацыяцый і выказвання меркаванняў) у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, выкараніць практыку цэнзуры і самацэнзуры, устрымлівацца ад далейшых злоўжыванняў, у тым ліку ад заключэння ў турму палітычных апанентаў, пераследу журналістаў і незалежных адвакатаў і ўвядзення мер па кантролі інтэрнэту.
Еўрапарламент таксама лічыць, што змяшчэнне былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча ў адзіночную камеру з`яўляецца актам рэпрэсій і спробай прымусіць яго падпісаць просьбу аб памілаванні, і звяртаецца да Еўрапейскай дыпламатычнай службы з заклікам умяшацца ў яго справу.
У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што любое патэнцыяльнае ўзаемадзеянне ЕС з Беларуссю залежыць ад строгіх умоў і імкнення Мінска паважаць правы чалавека і вяршэнства закону, як гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі Пражскага саміту Усходняга партнёрства ад 7 мая 2009 года, падпісанай урадам Беларусі.
Еўрапарламент заклікаў афіцыйны Мінск працягваць працэс рэфармавання выбарчага заканадаўства і практыкі правядзення выбараў з улікам усіх рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі.
Акрамя таго, ЕП заклікаў дзяржавы — члены ЕС ацаніць эфектыўнасць абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі і разгледзець пытанне аб пашырэнні існых санкцый за кошт павелічэння спісу грамадзян краіны, у дачыненні да якіх будуць уведзены забароны на выдачу віз і замарожванне актываў.
У той жа час дэпутаты заклікаюць Савет ЕС і Еўракамісію актывізаваць узаемадзеянне з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і заахвочваць кантакты паміж людзьмі.
Еўрапарламент заклікаў міністраў замежных спраў на 4-й сустрэчы Усходняга партнёрства, якая пройдзе 23—24 ліпеня ў Бруселі, разгледзець і абмеркаваць пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку справу Пачобута.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 6 ліпеня 2012