https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Еўрапейскія палітыкі заклікаюць не караць смерцю Канавалава і Кавалёва


Старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц заклікаў Аляксандра Лукашэнку перагледзець рашэнне аб адмове ў памілаванні Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
"Я вельмі засмучаны весткай, што прэзідэнт Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія прыгавораныя да смерці за выбух у мінскім метро, — цытуе кіраўніка Еўрапарламента яго афіцыйны сайт. — Яны былі асуджаныя, нягледзячы на сур`ёзныя сумненні наконт іх ролі ў гэтай трагічнай падзеі. Паводле справаздач праваабарончых арганізацый, вядзенне іх працэсу не адпавядала міжнародным стандартам".

Марцін Шульц падкрэслівае, што смяротная кара — "незваротная, негуманная і зневажальная", і Еўрапарламент выступае супраць яе ўжывання пры любых умовах.

"Я заклікаю Беларусь, апошнюю краіну ў Еўропе, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротную кару, увесці мараторый", — заявіў еўрапейскі палітык.

Не караць смерцю Кавалёва і Канавалава заклікаюць таксама прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ).

У сумеснай заяве старшыні ПАСЕ Жан-Клода Міньёна, спецдакладчыка па Беларусі Андрэса Херкеля, а таксама дэпутатаў Марылуізэ Бек (Германія) і Рэнаты Вульвенд (Ліхтэнштэйн) сказана: "Мы вельмі заклапочаныя тым, што пасля аб`яўлення пра рашэнне прэзідэнта Лукашэнкі адмовіць у памілаванні двум маладым людзям, жахлівы акт можа быць прыведзены ў выкананне ў любы час".

"У святле нашага прынцыповага непрыняцця смяротнай кары і шматлікіх пытанняў адносна сумленнасці праведзенага працэсу мы просім беларускія ўлады ўстрымацца ад пакарання смерцю Канавалава і Кавалёва", — гаворыцца ў дакуменце.

25-гадовыя жыхары Віцебска Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі прыгавораныя да вышэйшай меры пакарання 30 лістапада 2011 года Вярхоўным судом Беларусі. Канавалаў прызнаны вінаватым непасрэдна ў тэрарызме, Кавалёў — у саўдзеле тэрарызму.

Нагадаем, у выніку тэракта 11 красавіка 2011 года 15 чалавек загінулі, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32, меней цяжкія — 72, іншыя цялесныя пашкоджанні — 283 чалавекі. У выніку выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Мінску раненні атрымалі 59 чалавек, 22 верасня 2005 года ў Віцебску — 55, 14 верасня ў Віцебску — два чалавекі.

Кавалёў звярнуўся да прэзідэнта з прашэннем аб памілаванні, Канавалаў — не.

Вечарам 14 сакавіка па тэлеканале "Беларусь 1" было аб`яўлена, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Кавалёва і Канавалава.

15 сакавіка стала вядома, што Кавалёва вывезлі са следчага ізалятара КДБ. Пра гэта яго адвакату Станіславу Абразею паведамілі ў СІЗА КДБ. Куды менавіта этапаваны асуджаны, не ўдакладнілі. Цяпер адвакат і маці Кавалёва спрабуюць высветліць яго месцазнаходжанне.

Спецыялісты не выключаюць, што смяротны прыгавор у дачыненні да Канавалава і Кавалёва ўжо прыведзены ў выкананне, а паведамленне пра адмову ў памілаванні было зроблена постфактум.

Апошні раз маці і сястра Кавалёва сустракаліся з ім у СІЗА КДБ 11 сакавіка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 15 сакавіка 2012
 
Дата публикации:15.03.2012
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:2796
 
Ключевые слова:
Взрыв в минском метро Приговор Дмитрий Коновалов Владислав Ковалёв
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме