https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Апублікаваны поўны тэкст рэзалюцыі па Беларусі


Канчатковы тэкст дакумента, ухваленага еўрадэпутатамі з папраўкамі 29 сакавіка ў Бруселі, размешчаны на афіцыйным сайце Еўрапарламента.
Нагадаем, рэзалюцыя рыхтавалася да прыняцця яшчэ 15 сакавіка, аднак тады еўрапарламентарыі адклалі галасаванне з мэтай "даць беларускім уладам час для рэагавання".

У сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі ў праект рэзалюцыі быў унесены шэраг паправак, ухваленых учора.

Выніковы дакумент рашуча асуджае пагаршэнне ў Беларусі сітуацыі ў сферы правоў чалавека і фундаментальных свабод, адсутнасць глыбокіх дэмакратычных і эканамічных рэформ, рэпрэсіі ў дачыненні да "апанентаў рэжыму ў Мінску".

Еўрапарламент (ЕП) выказвае шкадаванне ў сувязі з прывядзеннем у выкананне смяротнага прыгавору ў дачыненні да Канавалава і Кавалёва, нягледзячы "на пастаянныя пратэсты як у краіне, так і за яе межамі", а таксама заклікае беларускія ўлады выдаць целы пакараных іх сем`ям і неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару.

ЕП таксама шкадуе з нагоды складзенага беларускімі ўладамі спісу невыязных, у які ўнесены некаторыя палітычныя апаненты рэжыму і праваабаронцы, якія не маюць магчымасці выехаць з краіны. Еўрадэпутаты выказваюць спагаду ўсім, хто ўключаны ў гэты спіс, і заклікае афіцыйны Мінск спыніць падобную практыку, якая парушае фундаментальныя свабоды беларускіх грамадзян.

Акрамя таго, ЕП вітае рашэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза ад 23 сакавіка аб пашырэнні абмежавальных мер у дачыненні да 12 асоб, якія адказныя за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ці падтрымліваюць або з`яўляюцца бенефіцыярамі ўлады Лукашэнкі, а таксама 29 прадпрыемстваў.

Пры гэтым ЕП заклікае Савет міністраў ЕС узяць пад увагу далейшае развіццё сітуацыі з правамі чалавека і асноўнымі свабодамі ў Беларусі і на гэтай падставе вырашаць пытанне аб далейшых абмежавальных мерах, у тым ліку — кропкавых эканамічных санкцыях.

Еўрапарламент патрабуе ад Мінска "неадкладнага і безумоўнага вызвалення" ўсіх палітзняволеных, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Андрэя Саннікава, актывістаў апазіцыі Паўла Севярынца і Дзмітрыя Бандарэнку, а таксама Сяргея Каваленку, які трымае галадоўку. ЕП таксама нагадвае, што пакуль гэтага не адбудзецца, якое-небудзь развіццё дыялогу паміж ЕС і Беларуссю немагчымае.

Еўрадэпутаты адзначылі, што сумеснае рашэнне краін ЕС адклікаць сваіх паслоў з Беларусі прадэманстравала: "спробы беларускіх улад падзяліць Еўрасаюз у сувязі з яго рашэннем аб санкцыях (у дачыненні да Беларусі. — БелаПАН.) праваліліся".

У рэзалюцыі асуджаецца "агрэсіўная рыторыка" Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да міністра замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле. (Нагадаем, 4 сакавіка ў гутарцы з журналістамі Лукашэнка заявіў на адрас нямецкага міністра: "лепш быць дыктатарам, чым галубым".)

Еўрапарламент яшчэ раз заклікаў нацыянальныя федэрацыі хакея краін — членаў ЕС і ўсіх дэмакратычных дзяржаў звярнуцца ў Міжнародную федэрацыю хакея з прапановай яшчэ раз абмеркаваць магчымасць пераносу чэмпіянату свету па хакеі 2014 года з Беларусі ў іншую краіну датуль, пакуль не будуць вызваленыя ўсе беларускія палітзняволеныя і ўлады не пачнуць паважаць правы чалавека.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што ЕС і Беларусь павінны мець добрасуседскія адносіны. Паводле меркавання еўрапарламентарыяў, Еўрасаюз павінен "рашуча падтрымліваць цеснае ўзаемадзеянне" з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, а таксама дэмакратычныя памкненні беларускага народа.

Парламентарыі заклікаюць Еўракамісію "фінансавымі і палітычнымі сродкамі падтрымліваць намаганні беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый у Беларусі з мэтай садзеяння дэмакратыі".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 30 сакавіка 2012
 
Дата публикации:30.03.2012
Тематика:Бизнес, В мире
Просмотров:2568
 
Ключевые слова:
Экспорт демократии Беларусь-Евросоюз Европарламент Резолюция пол Беларуси Санкции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме