https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае сітуацыю ў Беларусі


29 сакавіка на пасяджэнні ў Бруселі Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, якая асуджае сітуацыю ў Беларусі. Дэпутаты прагаласавалі за прыняцце рэзалюцыі з усімі прапанаванымі папраўкамі.
Перад галасаваннем польскі еўрадэпутат Марак Мігальскі нагадаў, што два тыдні таму Еўрапарламент вырашыў адкласці прыняцце рэзалюцыі па Беларусі.

"На наступны дзень пасля таго, як мы адклалі галасаванне, стала вядома, што пакараныя двое маладых людзей (асуджаныя па справе аб тэрарызме Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. — БелаПАН.), якім прэзідэнт Лукашэнка адмовіў у памілаванні", — сказаў Мігальскі. "Я гаварыў, што перанос галасавання будзе ўспрыняты як наша слабасць, і меў рацыю. Сёння я заклікаю вас галасаваць за прыняцце рэзалюцыі, каб паказаць нашу салідарнасць з беларусамі", — дадаў ён.

Затым выступіў яшчэ адзін польскі дэпутат, віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Яцак Пратасевіч. "Я не згодны, што гэта (перанос галасавання. — БелаПАН.) было нашай слабасцю. Больш за тое — невядома, калі яны былі забітыя. Аднак два тыдні таму мы спадзяваліся, што будуць пазітыўныя сігналы (з боку беларускіх улад. — БелаПАН.). Іх няма, і мы павінны дзейнічаць рашуча", — падагуліў Пратасевіч.

Нагадаем, 15 сакавіка Еўрапарламент адклаў галасаванне па праекце рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі, каб "даць беларускім уладам час для рэагавання".

У сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі ў дакумент унесены шэраг паправак, якія і былі ўхвалены сёння.

У прыватнасці, еўрадэпутаты выказваюць шкадаванне наконт прывядзення ў выкананне смяротнага прыгавору ў дачыненні да Канавалава і Кавалёва, нягледзячы "на пастаянныя пратэсты як у краіне, так і за яе межамі", а таксама заклікаюць беларускія ўлады выдаць целы пакараных іх сем`ям і неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару.

Еўрапарламент шкадуе наконт складзенага беларускімі ўладамі спіса невыязных, у які ўнесены некаторыя палітычныя апаненты рэжыму і праваабаронцы, якія не маюць магчымасці выехаць з краіны. Ён выказвае спачуванне ўсім асобам, уключаным у гэты спіс, і заклікае афіцыйны Мінск пакласці канец падобнай практыцы, якая парушае асноўныя свабоды беларускіх грамадзян.

Акрамя таго, Еўрапарламент вітае рашэнне Савета міністраў замежных спраў Еўрасаюза ад 23 сакавіка аб пашырэнні абмежавальных мер у дачыненні да 12 асоб, якія адказныя за парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці або падтрымліваюць ці з`яўляюцца бенефіцыярамі ўлады Лукашэнкі, а таксама 29 прадпрыемстваў.

Поўны тэкст рэзалюцыі па Беларусі павінен з`явіцца на сайце Еўрапарламента ў найбліжэйшы час.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 29 сакавіка 2012
 
Дата публикации:29.03.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2621
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз Санкции Европарламент
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме