https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лідары краін Еўрасаюза 2 сакавіка на саміце ў Бруселі заклікалі Савет ЕС прыняць "далейшыя меры" ў дачыненні да Беларусі


Пра гэта гаворыцца ў выніковым дакуменце саміту, які мае асобны параграф, прысвечаны беларускаму пытанню.
Удзельнікі саміту выказалі "сур`ёзную і глыбокую занепакоенасць працягам пагаршэння сітуацыі" ў краіне.

Яны таксама віталі рашэнне Савета ЕС пашырыць спіс асоб, да якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі Еўрасаюза ў сувязі з тым, што гэтыя асобы адказныя за парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, а таксама "падтрымліваюць ці з`яўляюцца бенефіцыярамі рэжыму Лукашэнкі".

У выніковым дакуменце саміту ўтрымліваецца заклік да Савета ЕС працягваць працу ў гэтым кірунку.

Еўрапейскія лідары выказалі прыхільнасць супрацоўніцтву з грамадзянскай супольнасцю Беларусі і падтрымку дэмакратычным памкненням беларускага народа.

Нагадаем, 27 лютага Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс неўязных у краіны Еўрасаюза прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча. Гэта стала прычынай дыпламатычнага скандалу паміж Мінскам і Бруселем. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці да свайго кіраўніцтва цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый".

У адказ краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска. Большасць еўрапейскіх дыпламатаў выехалі з Беларусі.

Пазіцыю Бруселя падтрымалі ЗША. Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Марк Тонер заявіў, што дзеянні Мінска ў дачыненні да еўрапейскіх паслоў, "гэтак жа як і выгнанне ў 2008 годзе амерыканскага пасла ў Беларусі і закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску ў сакавіку 2011 года, толькі паглыбляюць самаізаляцыю Беларусі".

На чарговым пасяджэнні Савета міністраў ЕС, якое запланавана на 23 сакавіка, будзе разгледжаны поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесменаў, да якіх могуць быць прыменены санкцыі, паведаміла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан 27 лютага.

Паводле звестак брусельскага выдання EUobserver, санкцыі могуць быць уведзены супраць некалькіх беларускіх бізнесменаў, у прыватнасці ўладальніка групы кампаній "Трайпл" Юрыя Чыжа, кіраўніка СП ТАА "Санта-Імпекс Брэст" Аляксандра Машэнскага, старшыні савета дырэктараў ААТ "Амкадор" Аляксандра Шакуціна і кіраўніка ТАА "Тытунь-Інвест", уладальніка сеткі гіпермаркетаў "Карона" Паўла Тапузідыса.

Тым часам Генеральная пракуратура Беларусі папярэдзіла беларускіх апазіцыянераў, якія заклікалі да санкцый, аб тым, што ім можа быць абмежаваны выезд з краіны.

Як заявіў 1 сакавіка начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў, санкцыі прапаноўваліся "ў дачыненні да ўсяго народа Рэспублікі Беларусь: дзяцей, пажылых людзей, рабочых і служачых".

"Гэта ўжо не просты папулізм. Гэтыя дзеянні могуць быць кваліфікаваныя з пункту гледжання крымінальнага права, і органы пракуратуры прымаюць меры, каб растлумачыць гэтым грамадзянам магчымыя наступствы. У тым ліку гэта прыцягненне да крымінальнай адказнасці", — сказаў ён.

Падставы для распачынання спраў могуць узнікнуць і тады, калі ўрад палічыць, што дзяржаве нанесены ўрон эканамічнага, палітычнага або іміджавага характару, і звернецца ў пракуратуру з прапановай даць юрыдычную ацэнку дзеянням пэўных людзей, растлумачыў Радзівонаў.

Раней партал tut.by са спасылкай на блізкую да ўрада крыніцу паведаміў, што ў папярэднім спісе грамадзян, чый выезд за мяжу можа быць забаронены, — 108 прозвішчаў. У іх ліку — былы спікер Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 2 сакавіка 2012
 
Дата публикации:02.03.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2750
 
Ключевые слова:
Санкции Беларусь-Евросоюз
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме