Гэты дзень называюць таксама «Тры каралі» на ўспамін аб падзеі, калі, ідучы за зоркай, каралі (мудрацы) прыбылі ў Бэтлеем, шукаючы нованароджанага юдэйскага караля. Увайшоўшы ў стайню, яны ўбачылі Дзіця і Яго Маці, Марыю; упалі на твар і аддалі Яму пашану. Мудрацы ахвяравалі нованароджанаму Дзіцяці свае дары: золата (сімвал каралеўскай годнасці), кадзіла (сімвал веры ў Езуса як праўдзівага Бога) і міру (сімвал спаўнення прароцтваў аб прыходзе Месіі).
Iмёны мудрацоў — Каспер, Мельхiёр i Бальтазар — у Святым Пісанні не згадваюцца. Надала іх хрысціянская традыцыя. Да таго ж у Евангеллi яны i называюцца не царамi, а мудрацамi. Традыцыя з часам надала iм яшчэ i царскую годнасць, звязаўшы iх мiсiю, як i ўсе iншыя найважнейшыя падзеi з жыцця Езуса, са Старым Запаветам.
З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння золата, крэйды, кадзіла і вады. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары К+М+В і цяперашні год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пішацца праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» («Christus mansionem benedicat»).
У гэты дзень кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы. А ў некаторых краінах Еўропы — Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Аўстрыі, Фінляндыі і Польшчы — урачыстасць Аб’яўлення Пана з’яўляецца выхадным днём.
catholic.by
5 студзеня 2012