https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Эўропа пашырае магчымасьці адукацыі для беларускай моладзі


Эўрапейская камісія выдзеліла 3,6 мільёна эўра на стыпэндыі для беларускіх студэнтаў, якія выкажуць жаданьне атрымаць адукацыю ў эўрапейскіх унівэрсытэтах і вярнуцца пасьля іх заканчэньня ў Беларусь.
Стыпэндыяльную праграму пад назвай «Адкрытая Эўропа» (Open Europe Scholarship Scheme) ад імя Эўразьвязу ажыцьцяўляе Паўночная рада міністраў — міжурадавы каардынацыйны форум скандынаўскіх краінаў. Стыпэндыя мае пакрыць кошты навучаньня, кошты ўтрыманьня (1000 эўра на месяц для адной асобы) ды выдаткі на дарогу.

Пра некаторыя дэталі гэтай праграмы распавёў яе дырэктар Мадс Мэйнэрт з Капэнгагену.

На сваёй інтэрнэт-старонцы вы пішаце, што праграма адкрытая для ўсіх маладых беларусаў, якія адпавядаюць акадэмічным, моўным і асабістым крытэрам. Ці маглі б вы патлумачыць гэтыя крытэры? Напрыклад, ці існуе тут нейкі ўзроставы цэнз?

Праўду кажучы, узрост тут не зьяўляецца нейкай праблемай. Мы зьвяртаемся з гэтай прапановай да маладых беларусаў, якія закончылі сярэднюю адукацыю. Так што яны будуць паступаць ва ўнівэрсытэты ва ўзросьце 17 ці 18 гадоў, дзе пастараюцца атрымаць ступень бакаляўра цягам трох або чатырох гадоў — гэта будзе залежаць і ад курсу, які студэнты выберуць, і ад іх моўных здольнасьцяў. А тыя, якія ўжо маюць ступень бакаляўра, атрыманы ў заходнім унівэрсытэце, або раўнаважнае гэтай ступені акадэмічнае пасьведчаньне зь іншага унівэрсытэту, могуць прасіць стыпэндыю на атрыманьне ступені магістра.

Гэтая праграма была падрыхтаваная Эўразьвязам адмыслова для студэнтаў зь Беларусі?

Гэтая праграма ўзьнікла па ініцыятыве Эўрапейскай камісіі, якая папрасіла дапамогі ў яе ажыцьцяўленьні ў Паўночнай рады міністраў. Гэта праграма прызначана выключна для беларускіх студэнтаў, для беларускай моладзі. Яе можна разглядаць як дапаўненьне той праграмы, якая ажыцьцяўляецца Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у Вільні.

Колькі просьбаў аб стыпэндыі зь Беларусі вы чакаеце? Або, інакш кажучы, колькі стыпэндыяў вы ў змозе даць у рамках гэтай праграмы?


Мы гатовыя выкарыстаць наш фонд у максымальнай ступені. У наша распараджэньне дадзена прыблізна 3,6 мільёна эўра. Цяжка сказаць, колькі стыпэндыяў могуць пакрыць гэтыя грошы, паколькі гэта будзе залежаць ад таго, колькі мы атрымаем просьбаў аб стыпэндыі на ступень бакаляўра, а колькі — на ступень магістра. Адукацыя на ступень бакаляўра трывае даўжэй, чым на ступень магістра. І мы яшчэ ня ведаем, які будзе конкурс на атрыманьне гэтых стыпэндыяў, паколькі тэрмін высыланьня заявак яшчэ не мінуў, ён скончыцца 16 сьнежня 2011. Як думаю, бліжэй да гэтай даты людзі стануць пасылаць заяўкі больш актыўна. Да гэтай пары мы атрымалі больш за 50 просьбаў аб стыпэндыі. Я спадзяюся, што мы атрымаем значна больш, каб мець з чаго выбіраць.

На як доўга разьлічана стыпэндыяльная праграма «Адкрытая Эўропа» для беларусаў? Вось вы гаворыце пра першы тур разгляду просьбаў, пазьней пра наступны...

Часавыя рамкі праграмы — пяць гадоў, пачынаючы з 1 верасьня сёлета. То бок, праграма будзе трываць да 1 верасьня 2016 году. Але, зразумела, усё залежыць ад таго, колькі заявак мы атрымаем у першым туры. Калі, прыкладам, мы будзем мець вялізную колькасьць адпаведных заявак у першым туры, якія вычарпаюць усю стыпэндыяльную квоту, дык другога туру ня будзе наогул.

На сваім сайце вы таксама згадваеце пра размовы з заяўнікамі ў Вільні. Ці можаце сказаць некалькі словаў пра гэты этап разгляду просьбаў аб стыпэндыі?

Усе заяўкі будуць разглядацца нашым арганізацыйным камітэтам, які складаецца з трох акадэмічных экспэртаў з Эўразьвязу, адной асобы з прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Кіеве ды мяне. Мы будзем разглядаць гэтыя заяўкі на прадмет іх якаснасьці, кваліфікацыі просьбітаў і да т.п. Мы яшчэ ня вырашылі ўсіх дэталяў адносна гэтага разгляду, але мы гэта зробім падчас нашай першай сустрэчы. І вось тых, якія пройдуць пасьпяхова гэты першы этап разгляду, мы запросім у Вільню паміж 2 і 13 лютага 2012. Мэтай размоваў у Вільні будзе высьвятленьне асабістых кваліфікацый і матывацыі тых, якія паслалі заяўкі. Мы хочам спаткацца з патэнцыйнымі студэнтамі і даведацца, наколькі яны падрыхтаваныя да таго, каб правесьці некалькі гадоў па-за Беларусьсю, далёка ад сям’і і сяброў. І мы хочам, зразумела, даведацца, што яны думаюць рабіць пасьля заканчэньня адукацыі і атрыманьня ўнівэрсытэцкай ступені. Ці маюць яны намер вярнуцца ў Беларусь і працаваць там на карысьць грамадзтва ці, можа, яны хочуць застацца за мяжой...

Маё апошняе пытаньне датычыць таго, чаму Эўрапейская камісія выбрала якраз вашу арганізацыю — Паўночную раду міністраў — для ажыцьцяўленьня гэтай стыпэндыяльнай праграмы?

Гэта было рашэньне Эўрапейскай камісіі, зь якой мы супрацоўнічаем шмат гадоў пры іншых праектах. Эўракамісія прыйшла да высновы, што наша ранейшае супрацоўніцтва было настолькі выніковае і празрыстае, што можна нам даверыць і гэты праект.

Цяпер беларускія студэнты маюць магчымасьць навучацца ў Польшчы па праграме Каліноўскага, а таксама ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, які працуе амаль дзесяць гадоў на выгнаньні ў Вільні. Ці не азначае новая ініцыятыва згортваньня ранейшых праграм?

Іна Кулей, кіраўніца фонду «Салідарнасьць», выказала такую думку:

​​«Па-першае, праграма Каліноўскага — гэта толькі праграма польскага ўраду на навучаньне ў Польшчы. А праграма, якая зараз абвешчана Эўрапейскім Зьвязам праз Паўночную раду міністраў — гэта праграма, якая прадугледжвае магчымасьць навучаньня беларусаў у любых краінах Эўразьвязу. Вядома, гэта таксама могуць быць рэпрэсаваныя, тыя людзі, што выключаны з унівэрсытэтаў. Па-другое, скарыстаць гэтую стыпэндыю могуць таленавітыя беларусы, якія ведаюць мовы, актыўныя ў грамадзкім жыцьці, у навуковым жыцьці.

Мы таксама зьбіраемся, па-першае, распаўсюджваць гэтую інфармацыю, па-другое, прапаноўваць кандыдатуры. Таму гэта ні ў якім разе не супярэчыць адно аднаму. Гэта дапаўняе. І мы шчасьлівыя, што пашыраюцца магчымасьці для беларускай моладзі».

Ян Максімюк, Іна Студзінская
Радыё Свабода, 29 лістапада 2011
 
Дата публикации:29.11.2011
Тематика:Образование, В мире
Просмотров:3208
 
Ключевые слова:
Образование Открытая Европа Беларусь-Евросоюз Программа Калиновского Вільня Польша Литва
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме