Як паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі, ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця возьмуць удзел міністр культуры Павел Латушка, яго ўкраінскі калега Міхаіл Кульняк, а таксама дзеячы культуры і мастацтва Беларусі і Украіны. На цырымоніі выступіць ансамбль "Купалінка" Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Помнік Уладзіміру Караткевічу, які з`явіўся па дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Украіны, створаны беларускімі скульптарамі Канстанцінам Селіханавым, Алегам Варвашэнем і архітэктарам Аляксандрам Корбутам. Творцы атрымалі гэтае права ў выніку перамогі на рэспубліканскім конкурсе, ініцыяваным Мінкультуры.
Стварэнне помніка, як паведамілі ў міністэрстве, фінансавалася за кошт сродкаў рэзервовага фонду прэзідэнта Беларусі. Усталяванне помніка, а таксама акультурванне прылеглай да яго тэрыторыі спансіруе Кіеўская мэрыя.
Апроч таго, у Нацыянальным кіеўскім універсітэце з нагоды адкрыцця помніка Караткевічу будзе прэзентавана спецыяльнае выданне кнігі "Дзікае паляванне караля Стаха" на чатырох мовах — беларускай, украінскай, рускай і англійскай. Выданне прымеркаванае да 80-годдзя з дня нараджэння класіка, якое адзначалася ў мінулым годзе. Як падкрэслілі ў Мінкультуры, на гэтым мерапрыемстве будуць прысутнічаць старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп і намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва Анатоль Бутэвіч.
Ушанаванне памяці Караткевіча на ўкраінскай зямлі невыпадковае. У 1950-я гады беларускі класік навучаўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, пасля працаваў настаўнікам на Кіеўшчыне.
Як нагадалі ў міністэрстве, знакаміты нарыс Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі" ўпершыню пабачыў свет на ўкраінскай мове. А сам пісьменнік у сваіх шматлікіх мастацкіх творах і літаратуразнаўчых артыкулах "звяртаўся да ўспамінаў пра жыццё на Украіне, даследаваў творчасць Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франка і іншых пісьменнікаў Украіны".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 19 кастрычніка 2011