Веймар (Цюрынгія). Тут жылі і тварылі Гётэ, Шылер, Гердэр, Бах і іншыя славутыя мастакі, паэты, філосафы, кампазітары і архітэктары. У ліпені 1937 года за некалькі кіламетраў ад горада нацысты пачалі будаваць адзін з найбуйнейшых і жахлівейшых канцэнтрацыйных лагераў. "Бухенвальду" было наканавана стаць сімвалам варварства.
Праз браму лагера эсэсаўцы штодня праганялі на працу тысячы зняволеных. Здзекамі і цынізмам быў напоўнены надпіс на браме "Еdеm dаs Zеіnе" (Эдэм дас зайне) — "Кожнаму сваё".
У нядзелю, 8 красавіка 1945 года (за месяц да заканчэння вайны), у эфір над цэнтральнай нямецкай вобласцю Цюрынгіяй нечакана ўварваліся сігналы бедства "SОS" (радыёперадатчык сабралі члены інтэрнацыянальнага лагернага камітэта): "SОS Бухенвальд... Камандуючаму амерыканскай танкавай калоны генералу Патану SОS Бухенвальд... Нас хочуць расстраляць нас хочуць знішчыць просім неадкладнай дапамогі SОS Бухенвальд SОS Бухенвальд SОS Бухенвальд!".
Радыёграма перадавалася на англійскай, нямецкай і рускай мовах. Шматпакутны Бухенвальд больш за ўсё спадзяваўся на амерыканцаў, таму што яны былі побач — вязні ўжо тры дні чулі кананаду, а з перадач па радыё ведалі, што 3-я амерыканская танкавая армія генерала Патана і 4-я бранятанкавая дывізія генерал-маёра Уільяма Хоўга, якая ўваходзіла ў яе, наступалі ў кірунку Бухенвальда. Савецкія войскі былі далёка, і радыёграма да іх не даляцела.
Штаб генерала Патана сігнал бедства вязняў прыняў (гэта дакладны гістарычны факт), але дапамога так і не прыйшла, хоць два амерыканскія самалёты ў хуткім часе пасля сігналу бедства некалькі разоў нізка праляцелі над лагерам — праляцелі павольна, злёгку пакалыхваючы крыламі...
І тады 11 красавіка вязні Бухенвальда адважыліся на ўзброенае паўстанне, якое выратавала дзясяткі тысяч людзей многіх нацыянальнасцяў, таму што напярэдадні камандаванне лагера атрымала загад аб знішчэнні ўсіх зняволеных.
У гады Другой сусветнай вайны ў канцлагеры нацыстамі было кінута каля 18 млн чалавек з усіх краін Еўропы, 11 млн з іх загінулі. З Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны ў канцлагерах налічвалася каля 4153 чалавек.
Асабліва цяжкім у канцэнтрацыйным лагеры было становішча дзяцей. Самыя маленькія вязні знаходзіліся ў найбольшай небяспецы, паколькі ў адзіночку яны практычна не маглі прыстасавацца да жыцця ў лагеры. Зняволеныя дарослыя змаглі дабіцца змяшчэння ўсіх дзяцей у асобны "дзіцячы блок" № 8, што дазволіла палепшыць іх жыццёвыя ўмовы. У першую чаргу дарослыя зняволеныя рабілі ўсё магчымае, каб зберагчы дзяцей ад эшалонаў смерці. Сярод вызваленых вязняў Бухенвальда знаходзіліся 904 дзіцяці і падлеткі.
А створаныя ў многіх гарадах рэспублікі гета! Хіба гэта не фізічнае знішчэнне людзей? Толькі ў Мінскім гета са 100 тысяч чалавек удалося выжыць толькі 3—4 тысячам.
Акрамя таго, мы не павінны забываць і той факт, што з сакавіка 1942 года быў пачаты масавы прымусовы вываз працоўнай сілы ў Германію. Усяго з Рэспублікі Беларусь было вывезена ў фашысцкую няволю амаль 400 тысяч чалавек. Вярнулася, на жаль, крыху больш за палову.
Другая сусветная вайна прайшлася бязлітасным катком па лёсах мільёнаў ні ў чым не вінаватых беларускіх грамадзян, пакуты і знішчэнне іх былі бязмерныя.
Нямецка-фашысцкія захопнікі і іх узброеныя сілы знішчылі ў Беларусі 1409225 мірных грамадзян, 810091 ваеннапалонных і амаль 400 тысяч чалавек загналі ў рабства. На тэрыторыі рэспублікі было створана 220 лагераў, філіялаў, аддзяленняў, турмаў, гета. Шматлікімі актамі, следствам і паказаннямі сведак устаноўлены факты масавых забойстваў, катаванняў, мучэнняў і жорсткага абыходжання з грамадзянамі на акупаванай імі тэрыторыі Беларусі. У горадзе Мінску і яго наваколлях, у М. Трасцянцы, па вул. Шырокай, на хутары Петрушкевічы, ва Уруччы, Драздах і інш. знішчана больш за 317515 грамадзян.
Не менш страшныя звесткі маюцца ў матэрыялах Нюрнбергскага працэсу над нацысцкімі злачынцамі і пра лагеры смерці, пасля аб`яднаныя агульнай назвай "Азарычы" — па назве размешчанага непадалёк пасёлка ў тагачаснай Палескай (цяпер Гомельскай) вобласці, дзе ў сакавіку 1944 года гітлераўцы трымалі за калючым дротам больш за 50 тысяч змучаных голадам, холадам і здзекамі жанчын, старых і дзяцей. Людзі, якія там знаходзіліся, заражаліся сыпным тыфам і былі наўмысна асуджаны на смерць, адыграўшы ў амаль непраходнай эпідэміялагічнай зоне ролю жывога шчыта перад войскамі Чырвонай Арміі, якія наступалі.
18 і 19 сакавіка 1944 года войскі 65-й арміі Беларускага фронту вызвалілі з Азарыцкіх лагераў 33434 чалавекі, якія засталіся жывымі. Сярод іх было 15960 дзяцей да 13 гадоў.
Фондам "Узаемаразуменне і прымірэнне" выдадзены шэраг кніг пра гэтую трагедыю: "Трагедыя Палесся", "Закладнікі вермахта", "Азарычы — боль мая", "Вязні Азарыцкіх лагераў успамінаюць", буклет "65 гадоў вызвалення лагера "Азарычы". Фонд узяў удзел у стварэнні у п. Азарычы музея-помніка. Мастак В. Крываблоцкі падарыў музею шэсць сваіх карцін. Праведзены рэстаўрацыйныя работы ля помніка на месцы лагера "Азарычы".
Здавалася б, добрага, па-чалавечы ў рэспубліцы зроблена нямала. Аднак зроблена не ўсё. Супрацоўнікі фонду разам з ідэалагічнымі і архіўнымі работнікамі рэспублікі не змаглі дабіцца змянення статуса лагера. Замест назвы "лагер смерці (знішчэння) на пярэднім краі нямецкай абароны" (як гэта вызначыла НДК у 1944 годзе) неабходна было змяніць статус лагера, назваўшы яго "канцэнтрацыйны лагер Азарычы". Гэта, безумоўна, нявыгадна Германіі, таму што пасля вайны ўсё бясчынства спісвалася на войскі СС і СД, а вермахт і рэгулярныя часці, маўляў, толькі ваявалі. Нават калі за вермахтам прызнавалі злачынствы — пра лагер смерці "Азарычы" — не ўзгадвалі. Гэта несправядліва.
Беларускі рэспубліканскі фонд "Узаемаразуменне і прымірэнне" зрабіў вялікую працу, накіраваную на аказанне дапамогі пацярпелым ад нацыянал-сацыялістычных пераследаў. На 1 студзеня 2007 года фонд завяршыў усе выплаты жывым грамадзянам і выплаты правапераемнікам. Выплату атрымала каля 130 тысяч пацярпелых, якія пражываюць у Беларусі, Эстоніі, дзяржавах СНД.
Цяпер фонд рыхтуе дакументы па кампенсацыйных выплатах для здачы іх у Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва і Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь фондам распрацавана, зацверджана нямецкім бокам і працуе пяць праектаў, накіраваных на лячэнне і аздараўленне былых ахвяр нацызму ў шпіталях інвалідаў вайны, шпіталі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Сёння ў пяці шпіталях штоквартальна праходзяць курс лячэння 520 чалавек, за год гэта лічба перавышае 2000 чалавек.
Гаворачы пра асноўныя кірункі нашай працы, мы бачым і некаторыя праблемы. Перш за ўсё, мы лічым неабходным прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахвярах нацызму". Сёння, калі мы рыхтуемся адзначыць трагічную дату ў жыцці нашага народа — 70-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, гэты закон стаў бы новай праявай клопату нашай дзяржавы пра лёс і жыццё былых вязняў нацызму.
Было б нядрэнна сумесна з нямецкімі калегамі стварыць у г. Мінску цэнтр сацыяльнай дапамогі пацярпелым ад нацызму. Падобныя цэнтры нідзе не створаныя, ні ў адной краіне свету, а шкада! Але Беларусь пацярпела ад гітлераўскага нашэсця больш за ўсіх. Справа — за нямецкім бокам.
У нашай штодзённай працы мы надаём вялікую ўвагу рабоце з грамадскімі арганізацыямі. Пры фондзе створаны і актыўна працуе Каардынацыйная рада грамадскіх арганізацый.
Звязда
9 красавіка 2011