«Свята гарбуза» ўжо не першы год шукае сабе месца і ў нашай краіне. Даволі распаўсюджанымі сталі дыскатэкі, на якія нельга прыйсці не ўбраным у вампіра ці варажбіта. Нявінны гарбуз… Добра асацыіруецца з восенню. Ды і ўрэшце рэшт, гэта ж толькі забава!
А як на самой справе?..
Хэлоўін бярэ свае карані ў моднай сярод акультыстаў культуры кельтаў, якія адзначалі Новы год менавіта 1 лістапада. Насялялі яны тэрыторыі сучаснай Англіі, Ірландыі, Шатландыі, Уэльса і паўночнай Францыі. Жрацы старадаўніх кельтаў, якіх называлі друідамі, ушаноўвалі ў гэты дзень бога смерці Саўіна (Samhain). Такім чынам гэты дзень стаў святам смерці, бо ў гэты дзень бог смерці выклікаў духаў памерлых, якія чынілі зло на гэтай зямлі і адышлі ў вечнасць на працягу апошняга года. Паводле кельцкіх вераванняў, у той час злыя духі вандравалі па вёсках і дакучалі людзям. Кельты са страхам чакалі пераследу з боку злых духаў, што цалкам не было для іх забавай. Друіды наказвалі людзям распальваць вялікія вогнішчы. Багам на алтарах прыносілі ў ахвяру рэшту ўраджаю, звяроў і нават людзей. Адурманеныя, яны танцавалі вакол вогнішча танец смерці, запрашаючы духаў цемры.
Хэлоўін лічыўся часам, калі мяжа паміж светам жывых і памерлых звужаецца, а кантакт з духамі становіцца больш простым. Верылі таксама, што Саўін кантраляваў душы памерлых. У гэтую ноч ён пасылаў на зямлю душы асуджаных памерлых, каб адпакутавалі за свае злыя справы. Гэтая ноч была таксама часам здзяйснення чорнай магіі. Абавязковымі атрыбутамі друідаў у свята Хэлоўін былі вялікія рэпы, выразаныя накшталт масак дэманаў, і жахлівыя чорныя касцюмы (пасля таго, як свята распаўсюдзілася ў Амерыцы, пачалі ўжываць гарбузы). Карыстаючыся пентаграмамі, маскамі дэманаў і здзяйсняючы акультныя практыкі, друіды аддаваліся ў моц злых духаў.
Такім чынам, удзел у гэтым свяце (хоць і на ўзроўні забавы) нясе вялікую небяспеку для душы чалавека. Варта адзначыць, што гэтае «свята» было перанята сатаністамі, якія ноч Хэлоўін называюць сваім святам і лічаць, што менавіта ў гэты час сатана мае асаблівую моц. Гэтая ноч з’яўляецца ноччу т.зв. «чорнай літургіі».
Не дзіўна, што на практыкаванне святкавання Хэлоўін адмоўна адрэагавалі хрысціянскія Цэрквы ва ўсім свеце. Яны бачаць у гэтым не толькі язычніцкі звычай, але і праслаўленне зла, насілля і смерці. Кардынал Карло Марціні, арцыбіскуп Міланскі на пенсіі, сцвердзіў, што Хэлоўін чужы нашай традыцыі, багатай на сапраўдныя вартасці, годныя наследавання.
Хэлоўін з’яўляецца вельмі небяспечным «святам», якое высмейвае каштоўнасць духоўнага жыцця і жыцця вечнага.
Варта адзначыць, што да VIII ст. урачыстасць Усіх Святых адзначалася ў месяцы маі. Папа Грыгорый IV, з пункту гледжання на адзначэнне кельтамі свята смерці, вырашыў надаць гэтаму святу хрысціянскае вымярэнне і перанёс урачыстасць Усіх Святых на месца Хэлоўіна. На жаль, ва ўсе часы былі людзі, якія працягвалі адзначаць свята смерці.
Сучасны Хэлоўін
Як жа сёння адзначаюць Хэлоўін? Ці ў сваёй большасці не канцэнтруецца гэтае святкаванне на цемры, смерці, страху і злым? Хіба не з’яўляецца самым страшным тое, што з усмешкай на твары мы ўбіраем нашых дзяцей у касцюмы ведзьм, шкілетаў, смерці, ваўкалакаў і адпраўляем іх на цёмныя вуліцы, дзе нашыя анёлкі, якія павінны служыць Богу, паўтараюць язычніцкі рытуал сатаністаў-друідаў: «Trick or Treat?», што азначае «дурны жарт ці пачастунак?».
Многія людзі апраўдваюцца, што для іх гэта толькі забава і яны не ставяцца да яе сур’ёзна. Чалавек, можа, і не, а вось сатана?.. Бо гэта ж яго свята. Гэты вечар заўсёды прысвячаўся яго чорнай магіі. Дорын Ірвінг, якая практыкавала акультызм, напісала кнігу «Вызвалены, каб служыць Хрысту». У ёй мы чытаем: «Сапраўдныя чараўнікі радуюцца, калі хрысціяне прымаюць удзел у дэманічных традыцыях. Вельмі часта дэманы маюць доступ да многіх людзей. Вы думаеце, што „trick or treat“ мінула і не пакінула наступстваў?.. У Аўстраліі мас-медыя інфармуюць пра чалавечыя ахвяры, якія штогод складаюцца ў Мельбурне і Брысбане».
Да апошніх, на жаль, не пахвальных жартаў Хэлоўіна належыць дадаць спаленую ў 2002 годзе англіканскую святыню св. Яна ў Луненбургу (Новая Шатландыя). У гэтую ж ноч мясцовая паліцыя зарэгістравала 22 выклікі з прычыны пажару ў горадзе і наваколлі.
Цяпер, ведаючы гісторыю Хэлоўіна і небяспечны характар гэтага свята, выбар застаецца за кожным асабіста.
На заканчэнне прыводзім урывак са Святога Пісання: «Што ж кажу я? Ці тое, што ахвяра ідалам, або ідал нешта ўяўляюць? Не, але тое, што ахвяруюць язычнікі, яны ахвяруюць дэманам, а не Богу. Я ж не хачу, каб вы сталі супольнікамі дэманаў. Вы не можаце піць келіха Пана і келіха дэманаў, не можаце сядзець за сталом Пана і за сталом дэманаў. Няўжо мы будзем абуджаць зайздрасць Пана? Хіба мы мацнейшыя за Яго?» (1 Кар 10, 19–22).
Касцёл перасцерагае
Любыя формы варажбы павінны быць адкінуты: спробы прыбягаць да сатаны ці дэманаў, выклікаць памерлых, а таксама іншыя метады, якія нібы «адкрываюць» будучыню. Зварот да гараскопаў, астралогія, хірамантыя, тлумачэнне знакаў і лёсаў, феномены яснабачання, звяртанне да медыўмаў скрываюць за сабою жаданне атрымаць уладу над часам, гісторыяй і, нарэшце, над чалавекам, а адначасова імкненне выклікаць прыхільнасць нейкіх акультных сілаў. Усе гэтыя з’явы супярэчаць пакланенню і ўшанаванню, паяднаным са страхам, поўным любові, якія належаць аднаму толькі Богу (пар. ККК 2116).
Яшчэ адна з’ява, на якую хацелася б звярнуць увагу, — гэта флеш-мобы ў свята Хэлоўіна, якія таксама з’яўляюцца не проста забавай, але праслаўленнем культу смерці і зла. Вампірызм, ведзьмы, акультныя практыкі, дэманы — гэта не проста прызыванне сіл цемры, а сапраўднае іх праслаўленне. Гэта свайго роду магія, якая ў форме забавы імкнецца прасачыцца ў менталітэт чалавека і яго духоўны свет, а праз гэта знішчыць сапраўдны фундамент яго рэлігійнай тоеснасці, якой з’яўляецца лучнасць з Богам. Каталіцкі Касцёл не толькі негатыўна ставіцца да хэлоўінскіх флеш-мобаў, але і папярэджвае сваіх вернікаў — як моладзь, так і дарослых: актыўны ці пасіўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія датычаць язычніцкага свята Хэлоўін, з’яўляецца парушэннем хрысціянскага сумлення і цяжкім смяротным грахом.
Акрамя гэтага, час, калі ўспамінаем Усіх Святых (1 лістапада) і ўсіх памерлых вернікаў (2 лістапада) з’яўляецца не часам забавы, але задумы і малітвы. Малітва за памерлых з’яўляецца сведчаннем веры ў вечнае жыццё, у тое, што душа чалавека жыве вечна. Такая малітва, асабліва на могілках пры магілах нашых блізкіх, вырывае нас з шаленства сучаснага эмпірычнага свету, нагадваючы, што мы таксама пакліканы да жыцця вечнага, якое прынёс нам у дар праз сваё жыццё, муку, смерць і ўваскрасенне Хрыстус. Менавіта гэта з’яўляецца нашым выразам любові і надзеі на будучую сустрэчу з тымі, каго мы любім.
Католік.by
28.10.2010