Сімвалічна, што ў гэты дзень адзначалася семдзесят першая гадавіна нападу Савецкага Саюза на Польшчу, якая на той момант была напалову акупавана гітлераўскай Германіяй.
Выпускі навінаў на польскай тэлевізіі пачыналіся са згадкі гэтай даты. Другой навіной было затрыманне Закаева.
Ён быў затрыманы польскай паліцыяй у пятніцу, калі накіроўваўся ў пракуратуру, каб даць тлумачэнні ў сувязі з сваім прыездам на кангрэс чачэнскага народу, які цяпер праходзіць у Польшчы.
Выдачы Закаева запатрабавала ад польскага боку Расія, якая лічыць былога міністра культуры ва ўрадзе Рэспублікі Ічкерыя пры Масхадаву тэрарыстам. Імя Закаева ўключана ў спіс асабліва небяспечных злачынцаў, які складае Інтэрпол і які абавязвае еўрапейскія краіны затрымліваць такіх асоб. (Дарэчы, як высветліла Gazeta Wyborcza, вядомы кінарэжысёр Раман Паланскі, арыштаваны некаторы час таму ў Швейцарыі паводле патрабавання ЗША, а затым вызвалены, таксама ўсё яшчэ застаецца ў гэтым спісе.)
Прэс-сакратарка польскай пракуратуры, выступаючы перад журналістамі, заявіла, што абвінавачанні расісйкага боку адносна Закаева вельмі сур’ёзныя і патрабуюць уважлівага разгляду. Пытанне аб дэпартацыі павінна разглядацца да сарака дзён, і ўвесь гэты час затрыманы мог заставацца ў вязніцы. Але рашэнне суда было адназначным – ён не толькі вызваліў Закаева з-пад варты, але пастанавіў, што польскія ўлады абавязаны забяспечыць яго ахову.
У 2003 годзе суд у Лондане, дзе жыве Ахмед Закаеў, разгледзеў аналагічныя абвінавачанні расійскай пракурауры і адмовіў Расіі ў яго экстрадыцыі. Так, ён удзельнічаў у баявых дзеяннях падчас першай чачэнскай вайны, чаго сам не адмаўляе. Але гэта зусім не азначае, што ён вінаваты ў ваенных злачынствах. Для Расіі ж сепаратыст (інакш кажучы, змагар за незалежнасць) = тэрарыст.
Але справа нават не ў гэтым. Закаеў атрымаў у Вялікабрытаніі палітычны прытулак. А гэта азначае паводле еўрапейскіх законаў, што яго бяспекай апекуюцца не толькі Яе Вялікасць каралева, але ўсе краіны Еўрасаюза. Пра гэта нагадала міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty Internacional, якая назвала арышт Закаева незаконным.
Трэба заўважыць, што справа Закаева выклікала адназначную рэакцыю амаль усіх палітычных сіл у Польшчы. Не толькі кансерватыўная ПіС – асноўны апанент пануючай партыі ПА, але і сацыял-дэмакраты, многія іншыя рэзка асудзілі дзеянні пракуратуры.
Варта нагадаць, што Польшча гістарычна здаўна адчувала сімпатыі да Чачэніі. За часам савецкага панавання у многіх польскіх вясковых дамах можна было бачыць партрэт Шаміля. Не Шаміля Басаева, зразумела, але імама Шаміля, які вёў вайну за незалежнасць Чачэніі і Дагестана ад Расіі ў 30-я – 40-я гады ХІХ стагоддзя, калі Польшча была ў складзе Расійскай імперыі.
Зразумела, у цяперашняй Польшчы многае змянілася. Палякі, мякка кажучы, неадназначна ставяцца да чачэнскіх уцекачоў, асабліва тых, што захополіваюць пасажырскія цягнікі ды патрабуюць сваёй дэпартацыі ў Германію.
Але на фоне Францыі, якая праігнаравала еўрапейскія законы пры дэпартацыі цыган у Румынію, на фоне паводзінаў прэзідэнта Сарказі і міністраў яго ўраду, якія здымаюць з сябе адказнасць за парушэнні правоў меншасцяў і грамадзянскіх правоў, а крытыку Еўразвяза ў свой адрас называюць абразай французскай дзяржавы, палякі паказалі ўрок годнасці. Перафразуючы класіка, можна сказаць, што Польшча ўратавала гонар еўрапейскай дэмакратыі.
Варта ўзгадаць, што польскі ўрад акурат цяпер вядзе цяжкія перамовы з “Газпромам” вакол кантракта на пастаўкі газа да 2034 году. Без гэтага кантракта ў краіне могуць пачацца перабоі з палівам ужо ў сёлетнім кастрычніку. Але беспрэдэнтны палітычны націск на Польшчу з боку Расіі, якая патрабуе выдачы Закаева, шантажуючы Варшаву пагаршэннем міждзяржаўных адносінаў, не прайшоў.
Сумесная паездка прэзідэнта Расіі Мядзведзева і прэзідэнта Украіны Януковіча па дарогах дзвюх краін у сувязі з юбілеем аўтапрабегу ў колішняй Расійскай імперыі, паказвае, да якога карыкатурнага стану могуць дайсці гэтыя адносіны, калі ігнаруюцца элементарныя ўяўленні пра годнасць і забываецца мінулае.
Наша Ніва
19 верасня 2010
Віталь Тарас.