https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Венера Джуматаева: “Мы цяпер проста ня ведаем, чаго чакаць”


Новы кіргіскі парлямэнт будзе пяціпартыйны – у панядзелак увечары ў Кіргізстане завяршылі падлік галасоў, аддадзеных на нядзельных выбарах. Госьця “Начной Свабоды” – дырэктарка кіргіскай службы Радыё Свабода Венера Джуматаева.
Соўсь: Абавязковы пяціпрацэнтавы рубеж пераадолелі пяць партыяў. Лідзіруе ў сьпісе – зь нязначнай перавагаю – апазыцыйная партыя “Ата-Журт” (“Айчына”), блізкая ды зрынутага ў красавіку прэзыдэнта Курманбека Бакіева. Што гэта можа азначаць для Бакіева? Ці магчымае яго вяртаньне на радзіму?

Джуматаева: Я думаю, усё магчыма для Курманбека Бакіева. Партыя “Ата-Журт” складаецца на 99 працэнтаў зь людзей, якія працавалі з Бакіевым, блізкія да яго фінансава і палітычна. Усе яны былі чальцамі партыі “Ак-Жол” (“Сьветлы шлях”), якую сам Бакіеў некалі арганізаваў. І парлямэнт у пару бакіеўскага праўленьня складаўся з чальцоў толькі адной гэтай партыі.

Соўсь: Як адрэагаваў на вынікі выбараў сам Курманбек Бакіеў? Ці ўдзельнічаў ён хоць бы ўскосна ў выбарчай кампаніі, знаходзячыся за межамі краіны, у Беларусі?

Джуматаева:
Пакуль што рэакцыі ад Бакіева мы ня чулі. Напэўна, неяк ускосна ён усё-такі ўдзельнічаў у кампаніі. Пра гэта можна меркаваць з таго, што Камітэт нацыянальнай бясьпекі паведамляў, як затрымалі машыну, пад дном якой было схавана 700 тысяч даляраў. Пры расьсьледаваньні выявілася, што гэтая машына належала родным Бакіева, а грошы прызначаліся для падтрымкі адной з апазыцыйных партыяў. То бо мы можам падазраваць, што клан Бакіевых нейкім спосабам удзельнічаў у выбарах і падтрымліваў пэўныя палітычныя сілы.

Соўсь: У выніку чэрвеньскага рэфэрэндуму Кіргізстан стаў парлямэнцкай рэспублікай. Раней у панядзелак у інтэрвію нашай рэдакцыі вы ня выключылі магчымасьці вяртаньня краіны да прэзыдэнцкай рэспублікі. Ці абмяркоўвалася ў першы дзень пасьля выбараў такая магчымасьць, і як яна ацэньваецца рознымі палітычнымі сіламі ў краіне?

Джуматаева: Усё магчыма. Сытуацыя мяняецца. Калі пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў акажацца, што яшчэ адна прабакіеўская партыя праходзіць у парлямэнт, то ў такім разе будзе магчымае і вяртаньне самога Бакіева, і вяртаньне да прэзыдэнцкай рэспублікі ў Кіргізстане. Усё будзе залежаць ад таго, што зробяць лідэры палітычных партыяў, якія здабылі мандаты ў новым парлямэнце, чаго яны хочуць дабіцца.

Соўсь: Ці гаворыцца ўжо пра кааліцыю?

Джуматаева:
Размовы толькі пачаліся, і пакуль што мы ня ведаем, якія ідуць размовы. Мне вядома, што прэзыдэнт Атунбаева званіла некалькім лідэрам партыяў: праўдападобна, заклікала іх прытрымлівацца прагрэсіўных дзеяньняў.

Соўсь: У распаўсюджанай справаздачы місіі назіральнікаў Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе гаворыцца, што гэтыя парлямэнцкія выбары спрыяюць далейшаму ўмацаваньню дэмакратыі ў Кіргізстане. У той жа час прадстаўнікі місіі заявілі аб неабходнасьці сур`ёзнай рэформы выбарчага заканадаўства краіны. Ці былі зафіксаваныя сур’ёзныя парушэньні падчас выбараў?

Джуматаева:
Усе назіральнікі – і мясцовыя, і замежныя – заявілі, што сур`ёзных парушэньняў, якія маглі б паўплываць на зыход выбараў, заўважана не было. Але былі дробныя парушэньні, напрыклад подкуп галасоў: людзі заходзілі ў кабіны, ставілі ў бюлетэні птушку ля пэўнай палітычнай партыі, а тады фатаграфавалі бюлетэнь на свой мабільнік, каб пасьля здаць справу людзям, у якіх яны бралі грошы або нейкія гасьцінцы. Апрача гэтага, нягледзячы на тое, што выбарчая кампанія супала па часе з уразой – 30-дзённым постам у мусульманаў, па сёлах і гарадох актыўна разьяжджалі прадстаўнікі палітычных партыяў, у якіх багата грошай, і арганізоўвалі вялікія бяседы, запрашалі на абеды, вячэры. Усё гэта было цяжка забараніць, бо ўсё залічалася да мусульманскіх традыцыяў, але ў той жа час так парушалася выбарчае заканадаўства.

Соўсь:
Ці ўжо была рэакцыя на вынікі выбараў з боку беларускіх уладаў, улічваючы знаходжаньне ў Мінску экс-прэзыдэнта Курманбека Бакіева?

Джуматаева: Пакуль што мы ня чулі нічога з боку беларускіх уладаў. Але мы ведаем, што і прэзыдэнт Лукашэнка некалькі разоў казаў, што ўвогуле не прызнае новай, пасьлябакіеўскай, кіргіскую ўладу, што ён лічыць іх групаю людзей, якія ўчынілі захоп улады...

Соўсь: На мінулым тыдні падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю зьявілася непацьверджаная інфармацыя пра тое, што разам зь беларускім кіраўніком у Турцыю прыляцеў Курманбек Бакіеў. Праўда, афіцыйныя крыніцы не пацьвердзілі гэтага. Ці абмяркоўвалася гэтая тэма ў Кіргізстане, ці захоўваецца цікавасьць да яе?

Джуматаева:
Так, у Кіргізстане таксама ў мясцовай прэсе была інфармацыя, вельмі актыўна абмяркоўвалася: спэкулявалі, што Бакіеў цяпер у Турцыі адпачывае. Але ніхто ня мог атрымаць афіцыйнага пацьверджаньня або, наадварот, зьняпраўджаньня гэтай інфармацыі.

Соўсь: Пасьля таго, як у Кіргізстане памянялася ўлада, ці зьмянілася сытуацыя са сродкамі масавай інфармацыі ў краіне? Журналістам стала лягчэй або складаней працаваць?

Джуматаева: Пасьля 7 красавіка працаваць журналістам у Кіргізстане стала нашмат лягчэй: усе адчулі вялікую свабоду, у нейкай ступені нават безадказнасьць, асабліва ў кіргіскамоўных газэтах.

Як вядома, у чэрвені на поўдні краіны выбухнулі непарадкі, некаторыя іх называлі нават вайной паміж кіргізамі і ўзьбекамі. І ў сувязі з тымі падзеямі пайшла нацыяналістычная хваля. На жаль, ніхто гэтага не кантралюе і ня можа проста сказаць: “Спадары журналісты, усё-такі трэба крыху ўлічваць, што мы жывем у шматнацыянальнай краіне і што па-іншаму мы жыць ня можам. Мы ня можам гаварыць, што Кіргізстан – гэта краіна для кіргізаў, а астатнія, маўляў, выбірайцеся і ведайце сваё месца”. “Калі ж мы нарэшце ачысьцім Ош ад узьбекаў?” – такія загалоўкі ў кіргіскамоўных газэтах выклікаюць толькі вялікі жаль.

Соўсь: Якія пераменаў чакаюць у Кіргізстане ад новага парлямэнту?

Джуматаева: Цяпер мы проста ня ведаем, чаго ад гэтага парлямэнту чакаць, а чаго не чакаць. Таму што ўсё залежыць ад кааліцыі, якую створаць. Цяпер назіраецца вялікі разрыў паміж палітычнымі сіламі, якія ўвайшлі ў парлямэнт. Дзьве партыі адкрыта гавораць, што яны супраць парлямэнцкай сыстэмы, што хочуць стварыць моцную прэзыдэнцкую ўладу, што азначае адкат назад. Калі да іх далучыцца трэцяя партыя, можна будзе сказаць, што Кіргізстан пойдзе зноў назад. Мы цяпер проста ня ведаем, чаго чакаць...

Радыё Свабода
11.10.2010 23:31
Ганна Соўсь

 
Дата публикации:14.10.2010
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:4708
 
Ключевые слова:
Выбора в Кыргызстане Кыргызстан Бакиев
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме