Як піша выданьне, Браніслаў Камароўскі не павінен адмаўляцца ад актыўнасьці на ўсходзе ад Бугу. Хаця адрозна ад свайго папярэдніка Леха Качыньскага, чыю ўсходнюю палітыку называюць самай удалай сфэрай ягонага прэзыдэнцтва, Камароўскі мог бы некалькі інакш расставіць акцэнты. Дзякуючы гарманічнаму супрацоўніцтву з урадам і рэалістычнасьці пастаўленых мэтаў ён можа быць больш эфэктыўным за Качыньскага ў сваёй усходнепалітычнай дзейнасьці.
Gazeta Wyborcza засяроджвае ўвагу польскага кіраўніцтва на расейскай, украінскай, беларускай і каўкаскай палітыцы.
Апошнія гады паказалі, што дыялёг з Менскам – лепш за санкцыі і ізаляцыю. Кантакты з уладай, аднак, не павінны азначаць адмову ад падтрымкі апазыцыі
Што да Беларусі, то выданьне адзначае: “Тут варта дзейнічаць асьцярожна, хаця апошнія гады паказалі, што дыялёг з Менскам – лепш за санкцыі і ізаляцыю. Кантакты з уладай, аднак, не павінны азначаць адмову ад падтрымкі апазыцыі, нягледзячы на тое, што ў бліжэйшай пэрспэктыве яе шанцы прыйсьці да ўлады больш як туманныя. Аляксандар Лукашэнка спрабуе вызваліцца ад Расеі, набліжаючыся (прынамсі эканамічна) да Эўразьвязу. Гэты працэс трэба падтрымліваць, спадзеючыся, што з часам ён прывядзе да больш глыбокіх зьменаў у Беларусі, аднак не настолькі, каб стаць гарантам палітыкі Лукашэнкі ў дачыненьні да Эўропы. Прапанаваны экспэртамі прынцып умоваў у падтрымцы Беларусі (дапамога ўзамен на канкрэтныя дзеяньні, якія паляпшаюць функцыянаваньне прававой дзяржавы і захаваньне грамадзянскіх свабодаў), уяўляе сабой найлепшую стратэгію".
Газэта далей піша, што "трэба прыйсьці да згоды зь Менскам у пытаньні палюбоўнага вырашэньня праблемы беларускіх палякаў. Распрацаваны МЗС абедзьвюх краін кампраміс, які б дазволіў зарэгістраваць у Беларусі некалькі польскіх арганізацый, падаецца разумным спосабам рашэньня тых спрэчак аб Саюзе палякаў, якія працягваюцца ня першы год і якія паралізавалі стасункі паміж нашымі дзяржавамі. Выкарыстаньне такога рашэньня дазволіць кожнаму боку захаваць свой твар”.
31.08.2010
Радыё Свабода