«Паважаныя прадстаўнікі сем’яў Катыні, шаноўнае спадарства! У красавіку 1940 году было забіта больш за 21 тысячу польскіх вязняў канцэнтрацыйных лагераў і турмаў НКУС.
Гэтае забойства было здзейсненае з волі Сталіна, па загадзе найвышэйшага кіраўніцтва Савецкага Саюза. Саюз Трэцяга рэйха і СССР, пакт Рыбентропа-Молатава і агрэсія супраць Польшчы 17 верасня 1939 году выліліся ў жудасную кульмінацыю масавых забойстваў у Катыні. І не толькі ў лясах Катыні, а і ў Цверы, Харкаве і іншых вядомых і яшчэ невядомых месцах былі забітыя грамадзяне Другой Рэчы Паспалітай, людзі, якія стаялі ля вытокаў нашай дзяржаўнасці, нязломныя ў слугаванні Радзіме. Тады ж сем’і загінулых і тысячы жыхароў памежных тэрыторый былі высланыя ў глыб Савецкага Саюза, дзе іх невымоўныя пакуты адзначылі дарогу палякаў да ўсходняй Галгофы.
Самай трагічнай на гэтай дарозе была станцыя Катынь. Польскіх афіцэраў, святароў, службоўцаў, паліцыянтаў, памежнікаў і супрацоўнікаў пенітэнцыярных установаў забілі без суду.
Яны былі ахвярамі неабвешчанай вайны. Іх забілі, пагарджаючы законамі і звычаямі цывілізаванага свету, растаптаўшы іх годнасць — салдацкую, польскую, чалавечую. Ямы смерці заўсёды былі прызначаныя для таго, каб схаваць целы забітых і праўду пра злачынства. Свет мусіў ніколі не даведацца пра гэта. Сем’ям ахвяраў адмаўлялі ў праве на публічную жалобу і годнае ўшанаванне памяці блізкіх. Зямля схавала сляды злачынства, а мана мусіла сцерці яго з чалавечай памяці.
Утойванне праўды пра Катынь — вынік рашэння тых, хто меў дачыненне да злачынства, — стала адным з краевугольных камянёў палітыкі ў пасляваеннай камуністычнай Польшчы. Гэта быў час, калі за памяць і праўду пра Катынь плацілі высокую цану. Але блізкія забітых і іншыя мужныя людзі захавалі гэтую памяць, абаранілі і перадалі наступным пакаленням палякаў. Яны пранеслі яе праз час камуністычнай улады і перадалі суайчыннікам свабоднай, незалежнай Польшчы. І ўсім ім, асабліва сем’ям Катыні, мы абавязаныя выказаць пашану і ўдзячнасць. Ад імя польскай дзяржавы я дзякую ім за захаванне памяці сваіх блізкіх; гэта важны аспект нашай польскай самасвядомасці і ідэнтычнасці.
Катынь стала балючай ранай у гісторыі Польшчы і на працягу многіх дзесяцігоддзяў атручвала стасункі паміж палякамі і рускімі. Давайце ж зробім усё, каб рана Катыні нарэшце загаілася. Мы ўжо ідзем да гэтага. Мы, палякі, цэнім тое, што робяць рускія ў апошнія гады. Дарога, якая зблізіла нашыя народы, не павінная перарвацца.
Усе абставіны катынскага расстрэлу мусяць быць цалкам вывучаныя і растлумачаныя. Важна, каб была пацверджаная юрыдычная невінаватасць ахвяраў, каб былі рассакрэчаныя ўсе дакументы, якія датычаць гэтага злачынства. Хлусня пра Катынь мусіць назаўжды знікнуць з грамадскай прасторы. Мы патрабуем гэтага ў першую чаргу з павагі да памяці ахвяр і да пакутаў іх сем’яў. Але мы настойваем на гэтым таксама ў імя ўсеагульных каштоўнасцяў, якія мусяць фармаваць фундамент даверу і партнёрства паміж краінамі-суседзямі ў Еўропе.
Мы мусім усе разам ушанаваць памяць забітых і памаліцца за іх. Слава героям! Вечная ім памяць».
Наша Ніва паводле Gazeta wyborcza