https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Парадак атрымання грамадзянства


Як атрымліваюць грамадзянства ў Беларусі і Літве
Ірына СІНІЦА, Ларыса ВЯРБА      ТУТ І ЦЯПЕР       Svabodaby.net

БЕЛАРУСЬ: МНОЖЫМСЯ З ДАПАМОГАЙ ІНШАЗЕМЦАЎ
 
Першы закон аб грамадзянстве, які стаў істотным сродкам дасягнення максімальнага суверэнітэту Беларусі, быў прыняты 12 лістапада 1991 года. (апошні - Закон ад 1 жніўня 2002 г.)
 
Паводле даных МУС Беларусі, з моманту існавання гэтага закона беларускае грамадзянства атрымалі ўжо больш як 210 000 іншаземцаў, у тым ліку па спрошчанай сістэме  — каля 200 000. У мінулым годзе грамадзянамі Беларусі ў сталіцы сталі яшчэ 1557 асоб.
 
Падставы для заявы аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь
 
1. Абавязкова паважаць Канстытуцыю і выконваць законы Рэспублікі Беларусь.
2. Валодаць адной з дзяржаўных моў у межах, неабходных для стасункаў.
3. Пастаянна і без перапынкаў пражываць на тэрыторыі Беларусі на працягу апошніх сямі гадоў.
4. Наяўнасць законнай крыніцы існавання на тэрыторыі Беларусі. (Сёлета будзе ўдакладнена, што яна абавязкова павінна быць не ніжэйшай за спажывецкі ўзровень.)
5. Адсутнасць грамадзянства або страта грамадзянства замежнай дзяржавы ў выніку атрымання беларускага грамадзянства ці заява ў паўнамоцнае прадстаўніцтва аб выхадзе з папярэдняга грамадзянства.
 
Пра Расію – асобная гаворка
 
Спрошчаны парадак прыёму ў грамадзянства рэгулюецца міжнароднымі пагадненнямі ў галіне грамадзянства, падпісанымі Беларуссю з Казахстанам, Кыргызстанам і Украінай.
 
— Прадстаўнікі гэтых дзяржаў, якія маюць у Беларусі родных, або раней пражывалі тут ці з’яўляюцца ўраджэнцамі Беларусі, маюць права, нават не атрымліваючы пасведчанне на права жыхарства, разлічваць на атрыманне грамадзянства, — растлумачыла Марына Пятрэнка, намеснік начальніка аддзела грамадзянства і міграцыі Заводскага раёна Мінска.
 
Пра Расію асобная гаворка. Грамадзяне гэтай краіны могуць уладкавацца на працу нават у арганізацыю, якая не мае ліцэнзіі на прыцягненне на прадпрыемства замежнай рабочай сілы. Акрамя таго, расіяне ў стане атрымаць рэгістрацыю або пасведчанне на права пражывання, нават калі не маюць у Беларусі родных ці нерухомасці, а таксама працы.
 
Адмовіць нельга абскардзіць...
 
Практыка паказвае, што беларускае грамадзянства ў асноўным атрымліваюць расіяне. Так, у Заводскім раёне сталіцы 2200 чалавек маюць пасведчанне на права жыхарства, і больш за тысячу з іх — расіяне. Папаўняюць шэрагі беларускіх грамадзян таксама ўкраінцы, малдаване, афганцы і сірыйцы.
 
Усе іншаземцы раз у квартал правяраюцца па месцы фактычнага пражывання, таму на момант прыёму іх у грамадзянства на руках у супрацоўнікаў аддзела аказваецца цэлая справа, дзе пазначаны і правапарушэнні (калі яны ёсць), і добранадзейнасць асобы.
 
Адмовіць у атрыманні беларускага грамадзянства можна асобам, якія маюць судзімасці або адбываюць пакаранне, знаходзяцца пад следствам, раней дэпартаваліся з Беларусі або падавалі пра сябе лжывыя звесткі ці дакументы, знаходзяцца на воінскай ці дзяржаўнай службе ў замежнай дзяржаве.
 
Праўда, не сакрэт, што існуе шэраг краін, якія непаспяховыя ў міграцыйных адносінах (у асноўным гэта азіяцкі рэгіён). Выхадцам з гэтых краін мець беларускае грамадзянства непажадана, бо згодна з законам “прыём у грамадзянства праводзіцца з улікам інтарэсаў Рэспублікі Беларусь”, а прычына адмовы ў грамадзянстве, калі яна мае месца, не тлумачыцца.
 
Артыкул ПДР — падстава для высылкі
 
Напрыканцы мінулага года хадзілі чуткі аб з’яўленні больш жорсткіх правілаў, неабходных для атрымання беларускага грамадзянства. Сапраўды, у 2010 годзе будуць прыняты некаторыя змены, якія тычацца знаходжання іншаземцаў на тэрыторыі Беларусі.
 
— Будуць больш уважліва падыходзіць да праверкі асоб, якія жадаюць атрымаць грамадзянства, на прадмет наяўнасці ў іх парушэнняў адміністрацыйнага кодэкса краіны, — расказала Марына Пятрэнка. — З гэтым строга. Напрыклад, можна ануляваць у іншаземца дакумент, які дазваляе пастаяннае пражыванне на нашай тэрыторыі, калі ён на працягу каляндарнага года быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці тры і больш разоў. А разлічваць на атрыманне грамадзянства за гэты ж перыяд тым больш будзе немагчыма.
 
Да найбольш частых адміністрацыйных правіннасцей адносіцца парушэнне артыкулаў ПДР : пераход дарогі ў недазволеным месцы, няправільная паркоўка, непрышпілены рамень бяспекі і г.д. А іншаземец, які быў заўважаны за рулём п’яным, увогуле можа быць высланы за межы Беларусі.
 
ЛІТВА: "Я ДОСТАЮ ИЗ ШИРОКИХ ШТАНИН..."
 
Для падачы хадайніцтва аб прыняцці ў літоўскае грамадзянства неабходна:
 
1. Стала пражываць у Літве апошнія 10 гадоў (для тых, хто ўтварыў сям’ю з грамадзянінам Літвы — 7 гадоў).
2. Здаць экзамен па літоўскай мове.
3. Здаць экзамен на веданне Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі.
4. Даказаць, што ёсць легальная крыніца сродкаў для існавання.
5. Пісьмова пацвердзіць гатоўнасць адмовіцца ад папярэдняга грамадзянства пасля атрымання літоўскага.
 
Напрыканцы мінулага года прэзідэнт Літвы падтрымала прапанову Камісіі па грамадзянстве, якая пастанавіла не даваць літоўскага грамадзянства амерыканскай фігурыстцы Кэтрын Капелі. З-за гэтага пара Кэтрын Капелі і Дэйвідас Стагнюнас (грамадзянін Літвы), верагодней за ўсё, не зможа ўдзельнічаць у Зімовай алімпіядзе ў Ванкуверы. Прычынай адмовы стала недастатковая інтэграванасць фігурысткі ў літоўскае грамадства. Не дапамагло нават тое, што Капелі была залічана ў зборную Літвы на Алімпіяду-2010. Права жа адмовіць у літоўскім грамадзянстве мае выключна прэзідэнт краіны. Што яна і зрабіла.
 
“Злыя языкі” кажуць, што Даля Грыбаўскайце, магчыма, баіцца паўтарыць памылку аднаго са сваіх папярэднікаў. У Літве яшчэ памятаюць, як пытанне грамадзянства ў свой час каштавала Раландасу Паксасу прэзідэнцкага крэсла. Падчас імпічменту Канстытуцыйны суд пастанавіў, што Паксас парушыў асноўны закон краіны, даўшы грамадзянства Літоўскай Рэспублікі бізнесмену Юрыю Барысаву, які на выбарах аказваў яму фінансавую падтрымку. Гэты аргумент стаў адным з галоўных у справе аб імпічменце.
 
Згаданыя выпадкі — сітуацыі выключныя, калі прэзідэнт, як сказана ў законе аб грамадзянстве, “можа прадаставіць грамадзянства Літоўскай Рэспублікі грамадзянам іншых краін ці асобам без грамадзянства, якія маюць асаблівыя заслугі перад Літоўскай Рэспублікай, у парадку выключэння без прымянення ў адносінах да іх прадугледжаных законам умоў прыёму ў грамадзянства”. Усім астатнім для натуралізацыі (прыём у грамадзянства. — Аўт.) гэтыя ўмовы трэба выконваць.
 
Калі табе яшчэ не 18
 
Начальніца пашпартнага аддзела Віленскага аддзялення Дэпартамента міграцыі Эдзіта Прылепскене расказала, што па статыстыцы за кастрычнік 2009 года ў іх было 365 заяў на літоўскае грамадзянства, з іх 2 — на натуралізацыю, 1 — на вяртанне грамадзянства.
 
— Самая папулярная катэгорыя заяўнікаў — дзеці, гэта значыць асобы да 18 гадоў, — кажа спадарыня Прылепскене. — Цяпер закон аб грамадзянстве ў Літве дазваляе мець двайное грамадзянства асобам да 18 гадоў. Дастаткова пісьмовай заявы аднаго з бацькоў (грамадзяніна Літвы). Пры гэтым не мае значэння тое, дзе дзіця нарадзілася. Першапачатковае грамадзянства таксама пакідаюць.
 
Закон аб двайным грамадзянстве з’явіўся каля 1,5 года назад. Неабходнасць у ім узнікла таму, што ў некаторых краінах, як напрыклад Ірландыя, Амерыка (дзе многа імігрантаў з Літвы), адсутнічае механізм адмовы ад грамадзянства. Такім чынам, дзіця трапляла ў няпэўнае становішча, і было не зразумела, як яму атрымаць літоўскае грамадзянства: дзіця, магчыма, і хацела б адмовіцца ад папярэдняга, але з-за адсутнасці механізма не магло гэта зрабіць.
 
Калі беларусы, расіяне, украінцы (асноўныя прадстаўнікі сярод тых, хто хадайнічае аб літоўскім грамадзянстве) падаюць заявы на натуралізацыю прыкладна пароўну, то сярод заяўнікаў на атрыманне другога (літоўскага) грамадзянства беларускія дзеці, відавочна, лідзіруюць.
 
Літоўскі пашпарт – толькі праз прэзідэнта
 
Адносна адмоў у прыняцці грамадзянства супрацоўніца міграцыйнай службы сказала, што яны здараюцца нячаста. Праўда, нядаўна адмовілі адразу траім (адзін з іх — беларус), прычына — наяўнасць судзімасці.
 
— Судзімасць — найбольш частая прычына адмовы, — распавяла спадарыня Прылепскене. — Незалежна ад таго, пагашана яна ці не (ці было зняволенне), істотны сам факт судзімасці за наўмыснае злачынства.
 
Тым жа, хто з законам сябруе, пасля разгляду Камісіяй па грамадзянстве сабраных дакументаў варта рыхтавацца да асабістай сустрэчы з прэзідэнтам Літвы: Даля Грыбаўскайце заявіла, што прыняцце ў грамадзянства — справа адказная, і яна жадае асабіста сустракацца з тымі, хто хоча атрымаць грамадзянства яе краіны. У тым ліку і для таго, каб пераканацца, што чалавек сапраўды валодае літоўскай мовай.
 
Дата публикации:13.02.2010
Тематика:, В мире
Просмотров:7655
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме