https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Еўрапарламент зноў рэкамендаваў забараніць уезд у Еўрасаюз расійскім чыноўнікам са "спісу Магніцкага"


Еўрапейскі парламент 23 кастрычніка ўхваліў рэзалюцыю, у якой Савету ЕС прапануецца забараніць уезд у Еўрасаюз расійскім чыноўнікам, якія, як мяркуецца, маюць дачыненне да гібелі ў маскоўскім СІЗА юрыста Сяргея Магніцкага.
Як паведамляе Бі-бі-сі, у дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік замарозіць у Еўропе банкаўскія актывы шэрагу расійскіх чыноўнікаў.

На думку дэпутатаў Еўрапарламента, арышт Магніцкага, умовы яго ўтрымання і яго смерць у зняволенні сведчаць аб непавазе ў Расіі да асноўных правоў чалавека.

Еўрапарламент таксама лічыць, што пасмяротная судовая працэдура ў дачыненні да Магніцкага "з`яўляецца парушэннем нацыянальнага і міжнароднага права і выразна ўказвае на кепскае функцыянаванне расійскага крымінальнага правасуддзя".

Еўрадэпутаты ўжо ў трэці раз прапануюць Савету ЕС прыняць меры супраць фігурантаў "спісу Магніцкага". Аналагічныя рэзалюцыі ўжо прымаліся ў 2010 і 2011 гадах.

У цяперашняй рэзалюцыі адзначаецца палітычны характар пераследу Сяргея Магніцкага. Гэта паказальны выпадак "злоўжывання расійскіх уладаў, закліканых прымяняць закон, сваімі паўнамоцтвамі, які ігнаруе прававую дзяржаву", лічаць дэпутаты Еўрапарламента.

Раней парламенты Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Швецыі і Польшчы ўжо прынялі рэзалюцыі, якія патрабуюць ад сваіх урадаў увесці санкцыі адносна Расіі ў сувязі са справай Магніцкага, а парламенты Партугаліі, Францыі, Іспаніі і Латвіі пачалі работу над аналагічнымі рэзалюцыямі.

Еўрапарламент прапануе Савету ЕС заснаваць "адзіны для ўсяго Еўрапейскага саюза спіс асоб, адказных за смерць Сяргея Магніцкага, за ўтойванне фактаў у юрыдычным плане і за няспынны цяпер пераслед, ахвярамі якога з`яўляюцца маці і ўдава спадара Магніцкага".

"Увесці і прымяняць забарону на візы ў маштабе Еўрасаюза для гэтых чыноўнікаў і замарозіць фінансавыя актывы, якія яны або блізкія члены іх сем`яў могуць мець на тэрыторыі ЕС", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Пастаянны прадстаўнік Расіі пры ЕС Уладзімір Чыжоў заявіў, што, калі Еўрасаюз следам за ЗША прыме рашэнне аб візавых санкцыях па "спісе Магніцкага", гэта "негатыўна адаб`ецца" на адносінах Расіі і ЕС. Разам з тым, паводле слоў пасла, ён упэўнены, што пры прыняцці рашэння Еўрасаюзам "пераважыць разважнасць".

Рэзалюцыі Еўрапарламента з прапановамі ўвесці абмежавальныя меры Еўрасаюза супраць той ці іншай краіны носяць рэкамендацыйны характар для Савета ЕС. Такія санкцыі могуць быць ухваленыя толькі аднагалосным рашэннем Савета.

Юрыст фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі памёр у лістападзе 2009 года ў бальніцы СІЗА "Матроская цішыня". Яго абвінавачвалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, аднак, паводле слоў прадстаўнікоў фонду, справа была сфабрыкаваная расійскімі праваахоўнікамі, якія жадалі ўтаіць буйныя крадзяжы бюджэтных грошай, расследаваннем якіх займаўся Магніцкі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 24 кастрычніка 2012
 
Дата публикации:24.10.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2602
 
Ключевые слова:
Санкции Евросоюза Список Магницкого Визовый режим
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме