https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Афіцыйны Мінск не мае намеру супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН па Беларусі


Беларускія ўлады не маюць намеру супрацоўнічаць са спецдакладчыкам па Беларусі Савета ААН па правах чалавека Міклашам Харашці, прызначаным на гэту пасаду 28 верасня.
Рашэнне аб прызначэнні Харашці спецдакладчыкам па Беларусі было прынята 28 верасня на 21-й сесіі Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН у Жэневе. Супраць гэтага рашэння выступілі некалькі краін, у тым ліку Расія і Куба.

Прадстаўнік РФ нагадаў, што расійская дэлегацыя яшчэ на 20-й сесіі СПЧ у чэрвені гэтага года галасавала супраць прыняцця рэзалюцыі па Беларусі, якая прадугледжвала ўвядзенне мандата спецдакладчыка. "Лічым яе прадузятай і контрпрадуктыўнай, скіраванай на ізаляцыю Беларусі, а не ўцягванне яе ў дыялог. З улікам выкладзенага мы не падтрымліваем ніводнага з кандыдатаў на пасаду спецыяльнага дакладчыка па палажэнні ў сферы правоў чалавека ў Беларусі", — заявіў прадстаўнік расійскай дэлегацыі.

Беларусь не прызнае рашэнне Савета СПЧ аб увядзенні мандата спецдакладчыка і не мае намеру з ім супрацоўнічаць, заявіў на сесіі пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Міхаіл Хвастоў.

Паводле яго слоў, Харашці з улікам яго палітычнага мінулага не зможа справядліва і аб`ектыўна ажыццяўляць свае функцыі на пасадзе спецдакладчыка Савета ААН па правах чалавека.

"Мы працягнем ахоўваць правы чалавека ўладай закона, а не адчуваннямі спецдакладчыка, — заявіў Хвастоў. — Ніводзін з міжнародных дагаворных ці іншых кантрольных органаў ААН не заявіў, што правы чалавека ў Беларусі забяспечваюцца горш, чым у Венгрыі (радзіма Харашці. — БелаПАН.), Польшчы, Латвіі, на Кіпры ці ў Канадзе. Адпаведна ініцыятывы Еўрасаюза ў Савеце па правах чалавека ў дачыненні да Беларусі мы разглядаем як палітычную, дыфамацыйную кампанію ЕС супраць Беларусі".

На думку Хвастова, уся праца Харашці будзе пастаўлена ў прамую залежнасць ад пазіцыі Бруселя.

Ён таксама падкрэсліў, што заснаванне пасады спецдакладчыка па Беларусі не дазволіць краінам ЕС адцягнуць увагу Савета ААН па правах чалавека ад сваіх праблем у гэтай сферы. Беларуская дэлегацыя, паводле слоў Хвастова, мае намер прадоўжыць працаваць з усімі механізмамі савета для забеспячэння раўнацэннага маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў ЕС і рэагавання на расстрэл дэманстрацый у Іспаніі, жорсткае падаўленне пратэстаў у Грэцыі, а таксама на іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, уключаючы катаванні, адвольныя затрыманні, сексуальную эксплуатацыю дзяцей, рэлігійную дыскрымінацыю, маргіналізацыю мігрантаў і меншасцяў.

Мандаты спецдакладчыкаў ААН па Беларусі і Кубе былі скасаваныя СПЧ летам 2007 года. Гэта адбылося ў выніку палітычнага націску дзеля захавання права прызначаць дакладчыкаў па асобных краінах і працягу працы іншых краінавых дакладчыкаў. На скасаванні мандата настойвалі беларускія ўлады, абвінавачваючы спецдакладчыка Адрыяна Севярына (Румынія) у палітычнай ангажаванасці і скажоным інфармаванні ААН аб сітуацыі ў краіне.

У ліпені 2012 года СПЧ вырашыў зноў увесці мандат спецдакладчыка па Беларусі, матывуючы гэта шматлікімі фактамі парушэння правоў чалавека. Ужо тады афіцыйны Мінск заявіў, што не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.

Апрача Міклаша Харашці кансультатыўная група СПЧ рэкамендавала старшыні СПЧ Лоры Дзюпюі Ласер на пасаду спецдаклачыка па Беларусі Хане-Сові Грэве (Нарвегія), былога суддзю Страсбургскага суда, і юрыста Джарэда Генсера (ЗША). Ласер аддала перавагу Міклашу Харашці.

Харашці ўзначальваў місіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе па назіранні за выбарамі ў розных краінах. Ён таксама займаў пасаду прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ, мае вопыт працы з правамі чалавека і грамадзянскай супольнасцю.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 29 верасня 2012
 
Дата публикации:29.09.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2477
 
Ключевые слова:
Наблюдатели ОБСЕ Мандат спецдокладчика Права человека
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме