https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь заяўляе пра неабходнасць умацоўваць ваенны складнік АДКБ


Аб гэтым паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.
Пра неабходнасць умацоўваць ваенны складнік АДКБ з акцэнтам на развіццё высокамабільных сучасных спецпадраздзяленняў — калектыўных сіл хуткага рэагавання, аператыўнага разгортвання, міратворчага кантынгенту — заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 мая ў Маскве на пасяджэнні сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Беларусь, паводле слоў Лукашэнкі, таксама прапануе павысіць бяспеку краін АДКБ ад тэрарызму, наркатрафіку, нелегальнай міграцыі і выклікаў у інфармацыйнай сферы. І ў гэтым плане магчымасці для павышэння эфектыўнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы далёка не вычарпаны, адзначыў ён.

У найбліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве, лічыць Лукашэнка, для далейшага ўдасканалення і развіцця АДКБ неабходна зрабіць шэраг захадаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь заўсёды выступала за ўмацаванне наднацыянальных інстытутаў, закліканых падтрымліваць бяспеку і стабільнасць для ўсіх краін у роўнай ступені. "Мы зацікаўлены ў канструктыўным дыялогу з міжнароднымі арганізацыямі, такімі як ААН, АБСЕ, НАТО, і ў мірным урэгуляванні канфліктных сітуацый", — заявіў ён.

"Але мы супраць пустой рыторыкі, — дадаў Лукашэнка. — Наша мэта — гэта ўзаемадзеянне, скіраванае на дасягненне пэўных і адчувальных вынікаў".

Беларускі бок, паводле яго слоў, выступае за наладжванне цеснага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі аб`яднаннямі. "Пры гэтым, на наш погляд, не варта абмяжоўвацца толькі ўзаемадзеяннем у сферы бяспекі. Каардынацыя таксама павінна ажыццяўляцца і з эканамічнымі, і з палітычнымі структурамі. Асабліва дзейнымі на прасторы былога СССР", — заявіў кіраўнік Беларусі.

Яшчэ адной задачай, якую, паводле меркавання Лукашэнкі, варта рэалізаваць АДКБ, з`яўляецца неабходнасць гарманічнага ўбудавання ў сучасную архітэктуру глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. "Для паспяховага выканання пастаўленых мэт АДКБ не варта замыкацца ў самой сабе. У XXI стагоддзі ніводная рэгіянальная арганізацыя не можа ў адзіночку супрацьстаяць усім выклікам сучаснасці. Дыялог, роўныя партнёрскія адносіны, сумесныя праекты і праграмы з іншымі арганізацыямі і краінамі — гэта залог поспеху ў супрацьстаянні транснацыянальным пагрозам", — лічыць Лукашэнка.

Ён запэўніў, што Беларусь будзе, як і раней, усяляк спрыяць якаснаму развіццю АДКБ, яе ўдасканаленню, універсалізацыі і гарманічнай адаптацыі ў сучасным свеце.

Лукашэнка адзначыў, што за невялікі гістарычны перыяд АДКБ выйшла далёка за межы класічнага абароннага блока і на сучасным этапе здольная рэагаваць практычна на любыя пагрозы. "І гэта не толькі нашы ацэнкі", — падкрэсліў ён. "Выступленне з агульных для ўсіх нас пазіцый па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня ясна дэманструе нашым партнёрам, што сёння мы адзіныя", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле вынікаў саміту лідары краін АДКБ прынялі дэкларацыю аб агульным падыходзе да ключавых праблем міжнароднай бяспекі. Яны выказалі занепакоенасць "тэндэнцыяй да сілавога ўмяшання ў крызісную сітуацыю ў абход нормаў і прынцыпаў міжнароднага права" і падкрэслілі "важнасць выкарыстання мірных сродкаў ва ўрэгуляванні канфліктаў пры паважанні прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў". У дэкларацыі адзначаецца гатоўнасць супрацоўніцтва з усімі міжнароднымі структурамі, у тым ліку ААН, НАТО, АБСЕ і ШАС.

Наступны саміт АДКБ адбудзецца ў канцы 2012 года ў Маскве.

Цяперашняя пазачарговая сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ была прымеркавана да 20-годдзя падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 10-годдзя стварэння АДКБ.

БелаПАН
Мінск, 15 мая 2012
 
Дата публикации:15.05.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2475
 
Ключевые слова:
Саммит ОДКБ Коллективная безопасность
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме