https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусы Іркуцка падарылі “Бацькаўшчыне” шыкоўны падарунак


Звычайна на Дзень нараджэння імяніннік атрымлівае падарункі. Але беларусы Іркуцка стандартнымі шляхамі не ідуць.
Сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага падарылі шыкоўны падарунак “Бацькаўшчыне” з нагоды свайго ж 15-гадовага юбілею, якое таварыства адзначыла 31 траўня. Такім падарункам стала творчая сустрэча з старшынём ІТБК Алегам Рудаковым і фальклорным гуртом “Крывічы”, якая адбылася 13 ліпеня на сядзібе Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Фальклорны гурт "Крывічы"Адкрыла сустрэчу старшыня Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская. Скарыстаўшыся нагодай, яна яшчэ раз павіншавала Таварыства з 15-годовым юбілеем і выказала падзяку за шматгадовую руплівую працу па папулярызацыі беларускай культуры ў Прыбайкаллі.

“Яны стварылі ў Іркуцку першую Беларусь у замежжы, такую, як мы хацелі б мець тут”, -- сказала Ніна Шылоўская.

Без перабольшвання ІТБК з’яўляецца адной з самых актыўных і паспяховых беларускіх суполак замежжа, і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ганарыцца сваёй супрацай з Таварыствам, адзначыла Ніна Шыдлоўская.

Падрабязней пра дзейнасць ІТБК распавёў Алег Рудакоў. Таварыства мае свае аддзяленні па ўсёй Іркуцкай вобласці і працуе ажно па 20 накірунках: гэта адраджэнне беларускіх абрадавых святаў, вывучэнне традыцыйных беларускіх танцаў ды спеваў, арганізацыя гістарычных вечарынаў, этнаграфічных вандровак, адраджэнне традыцыйных беларускіх рамёстваў, правядзенне беларускіх фестываляў і многае іншае. Алег Рудакоў расказаў таксама і пра праграму свайго візіту ў Беларусь. Яна была надзвычай насычаная. Госці з Іркуцка выступілі на канцэртах у Віцебску і Мінску ў межах Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які ладзіла Міністэрства культуры Беларусі, з’ездзілі ў гістарычную вандроўку на Полаччыну, узялі ўдзел у свяце Пятрок на Любаншчыне, наведалі Мір, Наваградак і іншыя гарады.

“Нас пытаюць: “Ну, як вы, столькі дзён у Беларусі?” А мы адказваем: “Мы стомленыя, але нязломленыя!”, – жартаваў Алег Рудакоў.

Спадар Алег прадставіў галоўных герояў, ці дакладней, гераінь сустрэчы – гурт “Крывічы”. Ён быў створаны па ініцыятыве Волі Галанавай, якая да таго ж узначальвае маладзёвы клуб з такой жа назвай. Воля – прадстаўніца ўжо трэцяга пакалення беларусаў у Сібіры, астатнія ўдзельніцы гурта таксама нарадзіліся ў Сібіры і ў Беларусі ніколі не жылі, аднак гэта ніяк не перашкаджае ім шыкоўна спяваць аўтэнтынтычныя беларускія песні, якія яны запісваюць у этнаграфічных вандроўках па беларускіх вёсках Іркуцкай вобласці.

Вельмі трапна пра выступленне дзяўчат сказаў Алесь Камоцкі: “З часам становіцца меней рэчаў, якія, калі слухаеш, ажно дрыжыкі па скуры ідуць. А тут гэта ёсць”. Сапраўды, спевы дзяўчат з Іркуцка выклікаюць вельмі моцныя пачуцці.

Алесь Камоцкі заспяваў некалькі песень, у тым ліку і тую, якую ніяк не мог дапісаць, а дапамагла гэта зрабіць калядная вандроўка ў Іркуцк.

Яшчэ адна ўдзельніца сустрэчы, бард Таццяна Беланогая, вітала сваімі песнямі добрых знаёмых – гурт “Крывічы”. Бо пазнаёміліся яны ў Прыбайкаллі, калі Таццяна па запрашэнні Алега Рудакова наведала Іркуцк і на свае вочы ўбачыла, чым займаецца ІТБК.

“Мне хочацца сказаць дзяўчатам з Іркуцка: “Пераязджайце ў Беларусь жыць,  -- прызналася Таццяна. – Але я разумею. У іх там сваё жыццё. Я тут, яны там, але нейкая нітачка між намі працягнулася”.

Парадавалі прысутных сваімі песнямі і барды Аляксей Жбанаў і Аляксандр Галіч.

Напрыканцы сустрэчы Алег Рудакоў прадэманстраваў відэасюжэты, прысвечаныя дзейнасці ІТБК. Такіх сюжэтаў Таварыства мае шмат. Мясцовае тэлебачанне любіць бываць на мерапрыемствах ІТБК, прыязджаюць часам нават з маскоўскіх тэлеканалаў. Яно і не дзіўна. Беларускія святы ў Іркуцку заўжды вясёлыя, яскравыя, самабытныя.

На развітанне Алег Рудакоў запэўніў усіх прысутных: “Бел-чырвона-белы сцяг заўжды будзе лунаць у Іркуцку пакуль мы там!”

14 ліпеня 2011
ЗБС “Бацькаўшчына”

 
Дата публикации:14.07.2011
Тематика:Белорусские центры, В мире
Просмотров:3201
 
Ключевые слова:
Иркутск Белорусская диаспора
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме